Лукашэнка заявіў, што не выдасць Бакіева часоваму ўраду Кыргызстана

Аляксандр Лукашэнка параіў часоваму ўраду Кыргызстана не абцяжарваць яго просьбамі аб экстрадыцыі звергнутага прэзідэнта гэтай краіны Курманбека Бакіева, сказаўшы, што той знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы.

Гэтую заяву прэзідэнт Беларусі зрабіў 4 мая ў інтэрв'ю Рэйтэр.

"Да мяне ніхто афіцыйна не звяртаўся. Але адразу хачу афіцыйна заявіць — гэтыя звароты будуць марныя і зневажальныя для часовага ўрада. Прэзідэнт Кыргызстана знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы і прэзідэнта", — цытуе Рэйтэр Лукашэнку. "Не трэба гэтак званаму часоваму ўраду звяртацца з патрабаваннем выдаць Бакіева. Каму выдаць? Ці захачу я яшчэ мець зносіны з тымі, хто сёння ва ўладзе ў Кіргізіі", — сказаў Лукашэнка. Як паведамляў БелаПАН, часовы ўрад Кыргызстана пазбавіў адхіленага ад улады прэзідэнта Курманбека Бакіева прэзідэнцкай недатыкальнасці і даручыў Генпракуратуры забяспечыць яго экстрадыцыю ў краіну. Адпаведны дэкрэт падпісала 4 мая кіраўнік Кабінета міністраў Роза Атунбаева, паведаміў кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела часовага ўрада Фарыд Ніязаў. У дэкрэце гаворыцца, што "Бакіеў дапусціў расстрэл мірных грамадзян і гэтым пазбавіў сябе статусу экс-прэзідэнта і недатыкальнасці". Нагадаем, 7 красавіка ў Бішкеку прыхільнікі апазіцыі занялі Дом урада, улада перайшла да часовага ўрада. У сутыкненнях загінулі больш за 80 чалавек, сотні атрымалі раненні. 16 красавіка Бакіеў пакінуў краіну і напісаў заяву аб складанні паўнамоцтваў. 19 красавіка ён ужо знаходзіўся ў Беларусі, а 21 красавіка выступіў з заявай для прэсы аб тым, што не прызнае сваёй адстаўкі і лічыць сябе прэзідэнтам Кыргызстана. Расія прызнала змену ўлады ў Кыргызстане першай, на наступны дзень пасля абвяшчэння часовага ўрада, і абяцала ёй фінансавую дапамогу. "У мяне няма звестак, ці стаяла Расія за падзеямі ў Кыргызстане. Але заявы расійскіх палітыкаў насцярожваюць. <...> Расія і Захад ствараюць страшны прэцэдэнт, калі падтрымліваюць незаконны ўрад, які на крыві прыйшоў да ўлады", — сказаў Лукашэнка ў інтэрв'ю Рэйтэр. Пры гэтым прэзідэнт адзначыў, што, даўшы прыстанішча Бакіеву, ён аказаў паслугу і часоваму ўраду Кыргызстана, і Расіі, бо знаходжанне звергнутага прэзідэнта на радзіме пагражала далейшай дэстабілізацыяй становішча.