Што зрабіць, каб пра нас ведалі за мяжой?

У Доме дружбы адбыўся круглы стол па тэме: «Папулярызацыя беларускай культуры за мяжой: праблемы і іх вырашэнне».

У Доме дружбы адбыўся круглы стол па тэме: «Папулярызацыя беларускай культуры за мяжой: праблемы і іх вырашэнне».

Паколькі праблемы беларускай культурнай экспансіі — рэч для большасці чыноўнікаў новая, дык на круглым стале прадстаўнікі міністэрства культуры, дзяржаўных выданняў, а таксама чальцы прафесійных саюзаў былі засяроджаныя хутчэй на першай частцы, то бок на праблемах, а не на вырашэнні гэтага пытання, як практычна папулярызаваць беларускую культуру за мяжой.

Што беларуская культура мае на запас? Удзельнікі круглага стала адзначылі багатую, часткова захаваную, традыцыйную культуру, станоўчы імідж выхадцаў з Беларусі, якія ў свой час наклалі свой адбітак на замежныя культуры, высокую колькасць ВНУ, якія рыхтуюць культурніцкія кадры, а таксама шматлікасць беларускай дыяспары за мяжой.

Што прапануюць чыноўнікі? Намміністра культуры Тадэвуш Стружэцкі прапануе стварэнне дзяржаўных культурных цэнтраў за мяжою, якія будуць прапагандаваць і прасоўваюць беларускую культуру ў іншых краінах. Нагадаем, круглы стол адбываўся на тле актыўнага абмеркавання ў дзяржаўнай прэсе ідэі стварэння такіх сеткі цэнтраў, на манер нямецкага «Інстытут Гётэ», або «Польскага інстытута». Такія культурныя цэнтры існуюць за дзяржаўныя грошы і з'яўляюцца дзейснай прыладай для папулярызацыі сваіх культураў у межах іншых дзяржаваў.

У дадатак сп-р Стружэцкі сказаў, што такой еўрапейскай краіне замала мець два культурны цэнтры беларускай культуры, які я Беларусь мае ў Беластоку і Кіеве. І да таго ж, па словах чыноўніка, у « Польшчы такі цэнтр павінны быць не толькі ў Беластоку, але і ў сталіцы».

«Культура — найлепшы дыпламат, — сказаў Тадэвуш Стружэцкі, — Калі сусед бачыць, што мы маем адметную, багатую культуру, ды перамовы па іншых пытаннях вядуцца зусім па-іншаму, гэта мяняе ў станоўчы бок увесь імідж краіны».

Чыноўнікі перакананыя, што кіруючая і накіроўваючая роля ў справе стварэння «культурнага» іміджа Беларусі за мяжою павінна належыць дзяржаве. Старшыня Беларускага фонда культуры Уладзімір Гілеп выказаў думку, што «час стыхійным сувязям» у галіне культурнага абмену прамінуў, і цяпер самы час навесці «дзяржаўны парадак». Потым ён усё ж закрануў праблему ацэнкі культурнага экспарта, то бок, хто з ведамстваў мае аўтарытэт вызначаць, які культурны прадукт варта везці за мяжу, а які — непажадана.

Старшыня таварыства «Беларусь-Польшча» і былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч выказаўся яшчэ па такім аспекце беларускай культурнай экспансіі, як усталяванне беларускіх помнікаў за мяжой, якіх на дадзены момант - лічаныя адзінкі. Потым прывёў прыклад Украіны: па ўсім свеце ў грамадскіх месцах усталявана сотні разнастайных выяваў Тараса Шаўчэнкі: помнікаў, барэльефаў.

Паводле спісу запрошаных на круглым стале зусім адсутнічалі прадстаўнікі незалежных культурніцкіх арганізацыяў, але былі такія аўтарытэтныя як для ўладаў, так і для незалежнага грамадства асобы, як прафесар, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, прафесар Адам Мальдзіс. Ён заўважыў, што ў справе прасоўвання беларускай культуры за мяжой варта аб'яднаць намаганні як дзяражаўных органаў так і недзяржаўных, як грамадскага аб'яднання па сувязях з суайчыннікамі за мяжой «Радзіма», так і недзяржаўнага Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», а таксама выкарыстоўваць патэнцыял двух Саюзаў пісьменнікаў. Потым сп-р Мальдзіс выказаў карысную думку, што на першым часе стварыць культурныя цэнтры за мяжой можна на дабраахвотных пачатках. Каб тыя цэнтры трымаліся найперш на мясцовых беларусістах, то бок на навукоўцах і грамадскіх дзеячах як правіла небеларускага паходжання, якія актыўна цікавяцца Беларуссю і беларушчынай ды маюць беларускую культуру ў цэнтры сваіх прафесійных зацікаўленняў. Прыканцы сп-р Мальдзіс нагадаў пра патэнцыял тых беларусак, якія выходзяць замуж за іншаземцаў, і прывёў прыклад мастачкі Вольгі Дзёмкінай, якая чынна і свядома прапагандуе беларускае мастацтва ў Парыжы.

"Наша Ніва"