Артыстам і паэтам будуць даплочваць за беларускамоўныя творы

Ва ўніверсітэтах па-беларуску стануць выкладаць прафесійную лексіку, вядучых канцэртаў і фестываляў “прымусяць” гаварыць па-беларуску. Еўрарадыё даведалася, што яшчэ зробяць чыноўнікі дзеля папулярызацыі роднай мовы.

План мерапрыемстваў па папулярызацыі беларускай мовы Савет міністраў зацвердзіў яшчэ ў студзені гэтага года. Але толькі цяпер, падчас свайго звароту да народа, прэзідэнт публічна заявіў пра яго:"Дзяржава, як ніхто іншы адчувае сваю адказнасць за развіццё беларускай мовы і з’яўляецца гарантам захавання цэласнасці і адзінасці яе сучасных літаратурных нормаў.

Урадам зацверджаны план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства, распрацаванай з улікам прапановаў дзяржаўных структур, няўрадавых арганізацый, навукоўцаў і дзеячаў культуры". Еўрарадыё даведалася, якім жа чынам чыноўнікі збіраюцца папулярызаваць беларускую мову. Напрыклад, калі раней у школах праводзілі Дзень роднай мовы, то цяпер гэта будзе тыдзень. Пра гэты і іншыя пункты плану нам расказаў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:“У выкананні многіх пунктаў стаіць верасень або снежань гэтага года. Ёсць некаторыя праграмы і на 5-6 год. Хутчэй за ўсё, гэта будзе зроблена, таму што праца невялікая. І зрабіць яе можна на працягу дня”. Пункты плану маленькія, але канкрэтныя. Па Міністэрстве адукацыі іх ажно 44.Алег Трусаў: “У прынцыпе, калі б яны выканалі хаця б палову гэтых пунктаў, ужо было б добра. Яны маленькія, невялічкія, але іх можна выканаць: яны канкрэтныя. І што прыемна — напісаныя канкрэтныя выканаўцы, імёны і прозвішчы чыноўнікаў, хто гэта павінен зрабіць. Больш за тое, у канцы напісана даць пісьмовую справаздачу. Гэта значыць, што кожны чыноўнік пасля таго, як скончыцца тэрмін, павінен напісаць справаздачу міністру”. Усе ВНУ павінны будуць арганізаваць выкладанне прафесійнай лексікі па-беларуску, павялічыць колькасць прадметаў па-беларуску, працягвае спадар Трусаў:“Каб выкладчыкі выкладалі па-беларуску, асабліва гуманітарныя прадметы. Каб чыноўнікі спрыялі і праводзілі працу з бацькамі — каб было большасць беларускамоўных класаў і школ. Каб усе структуры Міністэрства адукацыі да канца года стварылі беларускамоўныя сайты і часопісы”. Таксама будуць праводзіцца і вечарыны з беларускімі пісьменнікамі. І што добра, адзначыў Трусаў, — не пазначана, з якімі пісьменнікамі: “Раней жа ўказваўся толькі чаргінецкі саюз. А тут напісана — проста з любымі пісьменнікамі. Гэта ўжо добра”. Міністэрства культуры распрацавала свой план дзеянняў. Пра яго Еўрарадыё расказаў намеснік начальніка Ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Віктар Маліноўскі. Паводле яго словаў, кантроль будзе вельмі пільны: “Гэта не таму, што мы такія дэспаты, а таму што кантроль павінен быць. Мы хочам зрабіць, каб было больш беларускай мовы, каб людзі валодалі беларускай мовай, асабліва моладзь”. Нагадаем, што, паводле нядаўніх сацыялагічных даследаванняў, найгоршае стаўленне да беларускай мовы — сярод моладзі. Еўрарадыё запытала хлопцаў і дзяўчат на вуліцы, што трэба зрабіць, каб яны пачалі размаўляць па-беларуску:— Грошай даць. — За шакаладку. — Каб у нас была адзіная дзяржаўная мова, каб усё было па-беларуску, каб з дзяцінства нас вучылі толькі па-беларуску. — Нічога не прымусіць, мы яе проста не ведаем, а размаўляць на мове, якую не ведаеш… — Трэба, каб мяне нарэшце пачалі разумець. Сярод іншага ў план папулярызацыі беларускай мовы, паводле інфармацыі Мінкульта, уваходзяць наступныя пункты: — распрацоўка праектаў заканадаўчых актаў будзе будавацца на беларускай мове; — па-беларуску будуць створаныя інтэрнэт-сайты Міністэрства культуры, дзяржаўных устаноў культуры і іншых падведамасных міністэрству арганізацый; — пастаноўкі спектакляў у дзяржаўных тэатрах Беларусі паводле твораў сучасных і класічных беларускіх аўтараў на беларускай мове. Лепшы праект будзе спецыяльна адбірацца камісіяй і фінансавацца; — фінансаванне па дзяржаўнай замове музычных праграм, вядучых музычных калектываў і выканаўцаў на вершы беларускамоўных паэтаў; — абавязковае выкарыстанне пераважна беларускай мовы падчас правядзення фестываляў, святаў, канцэртаў; — выпуск рэкламнай прадукцыі па-беларуску: календары, паштоўкі, улёткі; — арганізацыя на беларускай мове ўрачыстага адкрыцця новага навучальнага года ва ўстановах адукацыі; — фінансавае стымуляванне стварэння новых музычных і паэтычных твораў з выкарыстаннем беларускай мовы для айчыннай эстрады.

Наста Манцэвіч, "Еўрарадыё"