Віктар Шалкевіч ашчаслівіў сваіх слухачоў сёмым альбомам

У Мінску прайшла прэзентацыя новага альбома гродзенскага барда "Шчаслівая сямёрка". Зала Палаца культуры ветэранаў у Мінску, у якой увечары 28 красавіка прэзентаваў свой новы альбом гродзенскі бард і актор Віктар Шалкевіч, здаецца, ідэальна пасуе да такіх мерапрыемстваў.

У Мінску прайшла прэзентацыя новага альбома гродзенскага барда "Шчаслівая сямёрка".

На канцэрт у Мінск Шалкевіч прывёз акардэаніста Барыса Фадзіна і скрыпача Вячаслава Панька.

Зала Палаца культуры ветэранаў у Мінску, у якой увечары 28 красавіка прэзентаваў свой новы альбом гродзенскі бард і актор Віктар Шалкевіч, здаецца, ідэальна пасуе да такіх мерапрыемстваў. Невялікая, досыць утульная. Але з першых акордаў «Такой доўгай зімы» пачало з’яўляцца навязлівае адчуванне таго, што чагосьці ў інтэр’еры бракуе, штосьці тут настойліва патрабуе перастаноўкі. І неўзабаве здагадка прыйшла ў выглядзе кіношнага вобразу: зала глядзелася б яшчэ больш арганічна, калі б з яе прыбраць шэрагі крэслаў і замест іх паставіць столікі. Уражанне гэтае падмацоўваў акампанемент запрошаных на канцэрт акардэаніста Барыса Фадзіна і скрыпача Вячаслава Панька. Ды гэта зусім не азначае, што Шалкевіча можна слухаць у якасці рэстараннага фону. Акурат такі ягоныя песні і прадмовы да іх наўрадці далі б камусьці засумаваць ды адцягнуць увагу на іншае.

Прэзентуючы мінчукам "Шчаслівую сямёрку" — новыя песні і анекдоты, як пазначана на вокладцы новага альбому — Віктар перасыпаў свае песні новымі і старымі показкамі, якія ўжо самі па сабе сталі творамі. Праанансаваўшы песню "Сакулка-Беласток", спявак распавёў пра ўласны досвед паездак у Польшчу з мэтай прадаць-купіць. Прывёў колькі красамоўных прыкладаў — "Ездзілі мы з тэатрам, то адна мае калега там косы прадавала — стаяла абстаўленая імі, як смерць", "А аднойчы да гандляроў на беластоцкім кірмашы падышлі двое добра апранутых мужчынаў. Дзіка азіраліся на ўсё хараство тавараў. Адзін з іх быў тагачасны міністр МЗС Пятро Краўчанка".

У новых песнях ад Шалкевіча дастаецца не толькі хрыпата-пазнавальнаму герою “Балады пра “Славянскі базар”, але і дэмакратам ды змагарам з рэжымам — "Новыя хвалі радыё "Свабода", "Голуб на секвойі, галубка на пальме" (апошнюю песню, паколькі ў ёй спяваецца пра Швецыю, спявак прысвяціў прысутнаму на канцэрце шведскаму амбасадару Стэфану Эрыксану).

Ладную частку імпрэзы музыка аддаў песням-прысвячэнням беларусім гарадам — Гродна, Валожыну, Наваградку. Распявядаючы пра апошні, Віктар прыгадаў пра рэстаўрацыю наваградскага замка: "А мо і не варта яго чапаць, бо яшчэ зробяць што не так?"

Дваццатай па ліку была песня з "Шчаслівай сямёркі" "Лета, якое мы зноў змарнавалі". Яна ўжо гучала ў гэты вечар і ад таго ў галаве пасялілася трывожная думка: "Ну як жа так — дэмакратаў бэсціць, а сам у камерцыю ўдарыўся, піярыць бессаромна новы альбом?!" Але не лёс быў гэтай думцы спраўдзіцца — менш чым праз паўхвіліны пасля сыходу за кулісы Віктар з музыкамі вярнуўся. Каб з фірмовай усмешкай праспяваць "Кукарачу", таксама на біс. Ча-ча-ча!

Сямён Печанко, "Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение