Чарнобыльскі шлях -- 2010

"Чарнобыльскі шлях - 2010" завершыўся хвілінай маўчання, а таксама прачытаннем малітвы «Ойча наш» і спяваннем гімна «Магутны Божа». Акцыя прайшла без эксцэсаў, міліцыя была настроена досыць добразычліва і карэктна.

20:15

«Чарнобыльскі шлях - 2010» завершыўся хвілінай маўчання, а таксама прачытаннем малітвы «Ойча наш» і спяваннем гімна «Магутны Божа».

Акцыя прайшла без эксцэсаў, міліцыя была настроена досыць добразычліва і карэктна.

20:04

Удзельнікі акцыі дайшлі да Чарнобыльскай капліцы, што ў Парку Дружбы Народаў. Але падышлі не да царквы, а да Мемарыяльнага каменя ў гонар ахвяр наступстваў катастрофы. Ставяць свечкі, якія арганізатары раздаюць прысутным. Гучыць жалобны звон.

19:42

Шэсце дайшло да скрыжавання з вуліцай Багдановіча.

19:25

Галава шэсця дайшла да цэнтра «Нардзін» (ля вуліцы Куйбышава). Людзі гукаюць «Жыве Беларусь!» і «Не -- АЭС!» Людзей заўважна паменела.

Падчас праходжання вуліцай Сурганава на адным з дамоў угледзелі бел-чырвона-белы сцяг. Горача яго віталі.

Між тым прадстаўнікі міліцэйскай інфарамацыйнай групы зазначаюць, што і надалей падобныя акцыі будуць з металічнымі турнікетамі.

19:09

Праз вузкія ходнікі (тратуар) шэсце моцна расцягнулася.

18:59

Людзей паболела, акцыі бярэ ўдзел больш за тысячу чалавек.

Наперадзе нясуць расцяжку "Чарнобыльскі шлях" і ікону Чарнобыльскай Божай Маці.

Упадніцкага настрою, які панаваў летась, няма. Спяваюць песні, гукаюць «Жыве Беларусь!», адпаведна і жалобнай атмасферай і не пахне. Абсалютная большасць удзельнікаў — моладзь.

Міліцыя дазволіла перайсці праезную частку, спыніўшы рух транспарту. Калі праходзілі пад Акадэміяй мастацтваў, літаральна з кожнага вакна, высунуўшыся, пазіралі студэнты.

У сёлетняй акцыі не бяруць удзел ні анархісты, ні прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў.

18:49

Пачалося шэсце. Людзі выходзяць у бок вуліцы Сурганава. Сталыя сяброўкі КХП-БНФ спяваюць патрыятычныя песні.

18:47

Быў зладжаны невялікі перфоманс. Выйшла чорная свіння ў чорным з рагамі, яна сімвалізавала Чарнобыль.

Сэнс акцыі ў тым, што зло (Чарнобыль) можна перамагчы толькі дабром. Выйшла дзяўчына ў белым і абламала рогі свінні, а потым забіла.

18:44

Выступіла Людміла Гразнова (Праваабарончы альянс).

Яна заначыла, што ў краіне адбываецца не толькі радыяцыйны Чарнобыль, але і палітычны. У прыватнасці, яна адзначыла, што Лукашэнка зрабіў такі ганебны ўчынак, як прыняў у Беларусі зрынутага прэзідэнта Кыргызстана Бакіева, але не паехаў на пахаванне прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага. Таксама сп-ня Гразнова згадала пра тое, што ў турме знаходзіцца ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якога пракурор патрабуе пакараць 20 гадамі калоніі.

Выступае Мікалай Статкевіч.

18:36

Пісьменнік Васіль Якавенка назваў навукоўца Якава Кенігсберга юдам, з якімі трэба змагацца. Паводле Якавенкі, Кенігсберг мяркуе, што невялікія дозы радыяцыі нават карысныя для здароўя.

Выступае мастак Аляксей Марачкін. Ён прачытаў верш.

18:27

Выступае акадэмік Іван Нікітчанка. Зміцер Дашкевіч заклікаў удзельнікаў пайсці да Чарнобыльскай капліцы.

18:19

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі падчас выступу заклікаў аб пачатку нацыянальнай кампаніі па абароне беларусаў ад вымірання.

На акцыі прысутнічаюць пісьменнікі Уладзімір Някляеў і Генадзь Бураўкін, граф Прушынскі. Далучыліся да акцыі прадстаўнікі «Еўрапейскай Беларусі». Яны прыйшлі са сваімі сцягамі.

На гэты момант у акцыі ўдзельнічае прыкладна 500 чалавек.

18:11

Спявае бард Андрэй Мельнікаў, адну песню выканаў сваю, другую — на словы інака Мікалая (Алега Бембеля).

Палітыкаў вобмаль, ёсць старшыня Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч, сустаршыні БХД Аляксей Шэін, Павел Севярынец, Георгій Дзмітрук, а таксама старшыня БСДП (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, з’явіліся таксама па адным сцягу «Народнай Грамады» і «Маладой Беларусі».

Людзі між сабой зазначаюць, што не варта ісці ў бок Бангалор, а правесці мерапрыемства тут, ля Прэзідыума Акадэміі навук.

18:02

На пляцоўцы перад будынкам Прэзідыума Акадэмі навук сабралося каля 150–200 чалавек.

Міліцыя, як абяцала, паставіла агароджы і металашукальнікі. Некалькі дзясяткаў чалавек пакуль не заходзяць у загароджу.

Ва ўдзельнікаў акцыі пакуль толькі бел‑чырвона‑белыя сцягі. Нагадаем, аргкамітэт па стварэнні БХД — арганізатары акцыі — рэкамендавалі ўдзельнікам мерапрыемства адмовіцца ад партыйна‑арганізацыйнага піяру.

***

Арганізатары прасілі дазволу прайсці ад Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы, але гарвыканкам традыцыйна адпраўляе ўдзельнікаў шэсця вуліцай Сурганава на Бангалор.

Маладафронтаўцы трымаюць расцяжку «Чарнобыльскі шлях — 2010» і таксама транспарант «Чынввенства суда і пракуратуры прычыняюць такую ж шкоду народу, як радыяцыя».

* * *

«Акцыя Чарнобыльскі шлях — 2010» прысвечаная 24‑м угодкам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Першы раз такая акцыя прайшла ў трэція ўгодкі катастрофы, 30 верасня 1989 года ў Мінску па ініцыятыве БНФ «Адраджэнне».

26 красавіка 1996 года прайшла найбольш гучная акцыя, паводле розных ацэнак у ёй узялі ўдзел ад 30 да 50 тыс. чалавек, Шлях суправаджаўся сутычкамі з міліцыяй і спецназам, а скончыўся масавымі затрыманнямі і адміністрацыйнымі суткамі.

* * *

Некалькімі гадзінамі раней прадстаўнікі дзяржаўных структур і міліцыі ўшанавалі памяць ахвяр наступстваў катастрофы жалобнымі мерапрыемствамі ў храме ў гонар іконы Божай Маці «Спатоленне загінулых».

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка наведвае Чэрыкаўскі раён Магілёўскай вобласці, што пацярпеў ад наступстваў катастрофы.

Месца збору, як і абацалі, абнеслі турнікетамі, людзей прапускалі праз металадэтэктары.
Арганізатарам сёлетняга Шляху была БХД. Выступае Віталь Рымашэўскі.
На акцыю прыйшлі прадстаўнікі іншых палітычных арганізацый.
Цікаўныя за турнікетамі пыталі: "Што сёння за канцэрт?"
На шэсце прынеслі пудзіла з надпісам "Накармлю Беларусь радыяцыяй".
Пудзілам зацікавілася і міліцэйскае начальства.
Паэты Генадзь Бураўкін (справа) і Уладзімір Някляеў выйшлі на Шлях.
Павал Севярынец заклікае далучацца да шэсця.
Зміцер Панкавец
Фота: Сямён Печанко, Алесь Пілецкі

"Наша Ніва"