За парушэнне аўтарскага права ў інтэрнэце пагражае 5 год турмы

Неўзабаве ў Беларусі з’явіцца новы закон аб аўтарскім праве. Яго праект паступіў у Палату прадстаўнікоў. Еўрарадыё зацікавілася, ці будзе новая норма рэгуляваць аўтарскае права ў інтэрнэце.
Начальнік аддзела аўтарскіх праў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Пічурын кажа, што канкрэтнай нормы, прысвечанай менавіта інтэрнэту, на дадзены момант у праекце закону няма. Але гэта не азначае, што ён не будзе рэгуляваць аўтарскія правы ў сеціве:

“Безумоўна, закон будзе распаўсюджваць сваю дзейнасць і на інтэрнэт, хаця ў тэксце законапраекта пра гэта можа быць не дастаткова прама сказана... Цяпер такіх канкрэтных фраз там няма. Але няма не таму, што ён не распаўсюджваецца на інтэрнэт, а таму, што гэта само сабой зразумела. Законапраект будзе цалкам распаўсюджваць сваю моц на інтэрнэт, і ўсе дзеянні, якія там адбываюцца, павінны будуць выконвацца згодна з заканадаўствам аб аўтарскім праве”. Паводле закону, інтэрнэт-правайдэры і мабільныя аператары будуць адказваць за нелегальнае выкарыстанне музыкі, фільмаў ды іншых твораў. Еўрарадыё пацікавілася: што будзе тым, хто пампуе музыку і кіно з інтэрнэту? Тэарэтычна, у Беларусі ўжо цяпер павінны караць нелегальных пампоўшчыкаў і іншых парушальнікаў аўтарскіх правоў. Адпаведна беларускім законам, аматараў нелегальных копій можна аштрафаваць, а найбольш зламысных парушальнікаў — нават пасадзіць у турму на тэрмін да 5 гадоў. Аднак такія выпадкі здараюцца вельмі рэдка, кажа Аляксей Пічурын: “Самая жорсткая санкцыя за парушэнне заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці сёння — 5 год пазбаўлення волі. Ёсць і кампенсацыя за парушэнне аўтарскага права, якая павінна выплочвацца праваўладальніку, чые інтарэсы былі парушаныя. Яе максімальны ўзровень можа дасягнуць 50 базавых велічыняў (1 мільён 750 тысяч — Еўрарадыё). Прэцэдэнтаў прызначэння такой істотнай кампенсацыі, на жаль для мяне і на шчасце для парушальнікаў, на тэрыторыі нашай краіны пакуль не было”. Ува Францыі парушальніка аўтарскіх правоў у сеціве могуць адключыць ад інтэрнэту на год, аштрафаваць на 30 тысяч еўра або нават пасадзіць у турму на 2 гады. У Нямеччыне такія злачынствы лічацца крымінальнымі і караюцца зняволеннем да 5 гадоў. У Вялікабрытаніі парушальнікаў будуць папярэджваць пісьмова, а калі гэта не падзейнічае — змяншаць хуткасць інтэрнэту. Паводле словаў Аляксея Пічурына, цяжка прагназаваць, што ў Беларусі ўсіх масава пачнуць прыцягваць да адказнасці:“Для нас гэта пакуль перспектыва. У іншых краінах за выкарыстанне нелегальнага прадукту канчатковыя карыстальнікі прыцягваюцца да адказнасці — адключэнне ад інтэрнэту і г.д. Усё гэта мы трымаем у галаве, але пакуль досведу не дастаткова, каб упэўнена казаць, што любога парушальніка ў нашых умовах можна і трэба прыцягнуць да адказнасці”. Тым часам колькасць парушэнняў аўтарскіх правоў у беларускім інтэрнэце ўзрасло, паведаміў Еўрарадыё юрыст Сяргей Зікрацкі:“Апошнім часам узрасла колькасць прэтэнзіяў, звязаных з парушэннем аўтарскіх правоў агулам і ў інтэрнэце ў тым ліку. У інтэрнэце аўтарскія правы парушаюцца часцей, бо парушыць іх тут значна лягчэй, чым у друкаваных сродках масавай інфармацыі. Скапіяваў, паставіў куды-небудзь сабе на сайт — гэта ўжо і ёсць парушэнне. На маёй практыцы былі выпадкі, калі я кансультаваў тых, чые правы былі парушаныя, і мы дамагаліся спынення гэтага парушэння, а ў некаторых выпадках і выплаты кампенсацыі”. Паводле словаў спадара Зікрацкага, у законапраекце варта асобна прапісаць тое, што тычыцца інтэрнэту: “На мой погляд, асобнае рэгуляванне інтэрнэту і адлюстраванне яго рэгулявання ў законе аб аўтарскім праве і сумежных правах будзе станоўчае. Спецыфіка дзейнасці інтэрнэту значна адрозніваецца ад спецыфікі дзейнасці ў іншых сферах жыцця. Таму рэгуляванне аўтарскіх правоў у інтэрнэце мусіць адрознівацца ад рэгулявання аўтарскіх правоў у іншых сферах”. Нагадаем, што дакумент быў распрацаваны з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, кінастудыі “Беларусьфільм”, адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій і экспертаў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.

Наста Манцэвіч, "Еўрарадыё"