Здымаць “Вітаўта” будуць у Беларусі, Літве і Польшчы

А на ролю вялікага князя прэтэндуе адразу 5 акцёраў. Як даведалася Еўрарадыё, у фільме пастараюцца захаваць гістарычную дакладнасць: абараняць Радзіму беларусы будуць пад “Пагоняй”.

Канал АНТ працягвае захоўваць таямніцу вакол запланаваных на вясну здымак фільма “Вітаўт”. Як паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар тэлеканала Таццяна Курбат, да гэтага часу ў іх няма афіцыйнага прэс-рэлізу, і таму ніякай інфармацыяй ні пра сцэнар, ні пра рэжысёра, ні пра акцёраў будучага фільма яна падзяліцца не можа. Але як стала вядома Еўрарадыё, верагодней за ўсё, здымаць фільм будзе рэжысёр Аляксей Раковіч. Праўда, канчаткова гэтае пытанне яшчэ не вырашана. Прычым, менавіта з боку самога Раковіча. Пра гэта ён прызнаўся ў размове з Еўрарадыё.ЕРБ: “Будзеце вы здымаць гэты фільм ці гэтае пытанне яшчэ вырашаецца?” Аляксей Раковіч: “Так, пакуль вырашаецца”.ЕРБ: “А вырашаецца кім: вамі ці заказчыкам?” Аляксей Раковіч: “Мной”.ЕРБ: “І якія ў вас сумневы?”Аляксей Раковіч: “Якасць сцэнару. Зараз я працую са сцэнарыстам над тым, каб зрабіць яго яшчэ лепшым. Гэта ўсё, што пакуль магу сказаць вам”. Што тычыцца мовы, то, паводле яго словаў, сцэнар “Вітаўта” напісаны на “мяшанцы”. Але ўдакладняць, на мяшанцы якіх моў хоча прымусіць сцэнарыст размаўляць князя Вітаўта і яго рыцараў, Раковіч не стаў. Нягледзячы на тое, што пытанне з працай над фільмам пакуль не вырашана канчаткова, рэжысёр ужо прыглядаецца да акцёраў. Аляксей Раковіч: “Ёсць думкі, "фішкі" наконт акцёраў. Магчыма, будуць запрошаныя літоўскія акцёры, можа — польскія. Скажам так: у фільме будуць вядомыя і старэйшым, і маладзейшым гледачам акцёры”. Што да ролі самога Вітаўта, то на яе прэтэндуюць ажно пяць выканаўцаў. Аляксей Раковіч: “Пакуль ёсць пяць акцёраў-прэтэндэнтаў. І таму я пакуль не магу назваць ні прозвішчы іх, ні адкуль яны”. Цікавіўся рэжысёр і мясцінамі, дзе могуць праходзіць здымкі фільма, прысвечанага падзеям XV стагоддзя.Аляксей Раковіч: “Вядома, Тракай, Мальбарк — будуць абавязкова здымкі ў гэтых месцах. У Беларусі, мабыць, будзем выкарыстоўваць Мірскі замак”. Пацікавілася Еўрарадыё, ці будуць, акрамя замкаў, у кадры іншыя гістарычныя адпаведнасці — напрыклад, герб "Пагоня".Аляксей Раковіч: “Была "Пагоня" — і герб, вядома, будзе. Усё гістарычна дакладна будзе. Адна з мэтаў нашых — гістарычная дакладнасць гэтага фільма”. Праца над трохсерыйным фільмам, згодна з яго словамі, зойме не менш як паўгода. Верагодней — троху больш, але не нашмат: бо тэрміны, адпушчаныя заказчыкам на выраб кінапрадукцыі, абмежаваныя. А адна батальная сцэна Грунвальдскай бітвы зойме багата часу. Як адзначае рэжысёр, дзесьці цягам тыдня ён канчаткова вызначыцца з тым, ці будзе працаваць над “Вітаўтам”.

Зміцер Лукашук, “Еўрарадыё”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение