У Мінску адкрылася выстава да 110-годдзя Гаўрылы Гарэцкага

8 красавіка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук адкрылася выстава, прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага навукоўца Гаўрылы Гарэцкага.

Гаўрыла Гарэцкі – геолаг, географ, эканаміст, заснавальнік савецкай школы палеапатамалогіі (навукі пра рэкі мінуўшчыны), беларускай школы даследчыкаў антрапагену, акадэмік, лаўрэат Дзяржаўных прэміяў БССР і СССР. Ягоным імем названыя многія віды выкапняў і жывёлаў.

Сын Гаўрылы Гарэцкага акадэмік Радзім Гарэцкі распавёў, што яго бацька – з пакалення беларусаў-пакутнікаў, ён перажыў сталінскія рэпрэсіі. На выставе прадстаўленыя матэрыялы пра вучобу Гарэцкага ў Горацкай землямерна-агранамічнай вучэльні, Пятроўскай (Ціміразеўскай) акадэміі, навуковыя працы і манаграфіі даследчыка, у тым ліку складзены разам з братам Максімам Гарэцкім "Русско-белорусский словарь" (1918), манаграфіі. Выстава будзе працаваць да 7 траўня.
"Радыё Свабода"