Вечарына памяці Ларысы Геніюш

У Мінску ўшанавалі памяць Ларысы Геніюш. Літаратурная імпрэза ў гонар паэткі ладзілася ў сядзібе Таварыства беларускай мовы, бардаўскі канцэрт адбыўся ў сядзібе БНФ. Гучалі невядомыя вершы выбітнай беларускі і песні на яе вершы.

Сёлета па ўсёй Беларусі святкуецца 100-гадовы юбілей з дня нараджэння паэткі. Аркамітэтам па святкаванні на чале з паэтам Міхасём Скоблам быў арганізаваны вечар памяці Ларысы Геніюш. На літаратурнай імпрэзе ў сядзібе ТБМ у Менску прагучалі 12 дагэтуль нікому невядомых вершаў паэткі ў прачытанні знакамітых беларускіх асобаў.

- Па тым, як чалавек чытае верш, можна зразумець, як ён ставіцца да гэтага слова, да гэтай асобы, - заўважыў Міхась Скобла, - Найцяжэй выбіраць з цудоўнага найцудоўнейшае. Таму найцяжэйшае, што было зрабіць, гэта адабраць 12 твораў. Тое, што на сённяшні дзень выдадзена з твораў Ларысы Геніюш, гэта прыкладна 10 % усёй яе творчасці. Невядомыя вершы Ларысы Геніюш чыталі беларускія мастакі, паэты, гісторыкі, сярод якіх Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Алесь Марачкін, Мікола Купава ды іншыя. Акрамя вершаў ды прадмоваў у выкананні паэтаў Міхася Скоблы і Антаніны Хатэнка, на вечарыне прагучалі песні на вершы Ларысы Геніюш, былі паказаныя фотаздымкі і дакументы з жыцця паэткі.Незвычайнасць бардаўскага канцэрта, што адбыўся ў сядзібе БНФ, у тым, што музыкі і арганізатары прысвяцілі яго двум падзеям адначасова – святу Вялікадню і дню памяці беларускай паэткі Ларысы Геніюш, што пакінула гэты свет 7 красавіка 27 год таму. На канцэрце прагучалі песні ў выкананні Марыі Новікавай, Уладзіміра Еўтуха, Алеся Лося ды іншых. У канцэрце ўзялі ўдзел беларускія барды-хрысціяне, якія складаючы песні на вершы паэткі, альбо прысвячаючы ёй уласныя творы,  нясуць сваёй творчасцю хрысціянскі погляд на свет, які несла па жыцці і Ларыса Геніюш.

"Радыё Рацыя"