Сядзібу Бохвіцаў у Падароску выставілі на аўкцыён

Цана сядзібнага дому ў стылі позняга класіцызму 1854-1856 гг. пакуль не вызначаная. У Ваўкавыскім райвыканкаме рыхтуюць неабходныя дакументы.

Фота Сямёна Печанка

Сядзібны дом у стылі позняга класіцызму (1854-1856 гг.) Падароск, Ваўскавыскі раён.

Цана сядзібнага дому ў стылі позняга класіцызму 1854-1856 гг. пакуль не вызначаная. У Ваўкавыскім райвыканкаме рыхтуюць неабходныя дакументы.

Сядзібны дом Бохвіцаў у в. Падароск Ваўскавыскага раёну выстаўлены на таргі. Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце Ваўкавыскага райвыканкаму. Што праўда, інфармацыі там небагата — няма ні даты правядзення аўкцыёну, ні меркаванай пачатковай цаны дому. Вядома толькі, што будынак, карысная плошча якога складае 990 кв.м., прапануецца ў адчужэнне. У аддзеле культуры райвыканкаму патлумачылі, што з датай правядзення таргоў вызначацца толькі праз месяц, калі будуць падрыхтаваныя ўсе неабходныя дакументы. "А потым ужо будзе зробленая ацэнка аб’екта, пасля чаго звернемся ў Міністэрства культуры па дазвол на продаж сядзібы", — паведамілі ў аддзеле культуры.

Расказалі ў райвыканкаме і пра справы ў в. Краскі, дзе расійскі бізнесовец за $105000 набыў палацава-паркавы комплекс.

Вадзім Селіхаў заявіў, што збіраецца адрэстаўраваць палац у Красках і жыць у ім. Працы, найперш у парку, мусілі пачацца вясной.

У аддзеле культуры сказалі, што на дадзены момант бізнесовец шчыльна працуе з навукоўцамі, шукае звесткі пра першапачатковы выгляд палацу, каб аднавіць яго. Працы на тэрыторыі комплексу пакуль не пачаліся.

"У першую чаргу новы ўладальнік хоча навесці парадак у парку, які за апошнія гады заняпаў. Зараз Селіхаў кансультуецца з спецыялістамі, каб правесці інвентарызацыю дрэваў", — расказалі ў райвыканкаме.

***

Гаспадарамі маёнтка ў Падароску ў розныя часы былі Клочкі, Дольскія, выхадцы з Італіі Сцыпіё дэль Кампа, Грыбоўскія, Чачоты. У 1854 годзе маёнтак набыў сын вядомага філосафа Фларыяна Бохвіца, Раман. Ён і перабудаваў сядзібны дом у стылі позняга класіцызму ў 1854-1856 гг. Пры ім быў пабудаваны спіртзавод, вадзяны млын (не захаваўся), сукнавальня (захаваўся фундамент) і інш. У нашы дні ў сядзібе знаходзілася школа, праўленне саўгасу. З 2004 г. дом пустуе. Апошняя рэканструкцыя тут праводзілася ў 1991 г.

Вёска Падароск знаходзіцца па дарозе з Гродна ў Брэст. Упершыню згадваецца ў 1522 г. У 1660 годзе Падароск атрымаў Магдэбурскае права.

"Наша Ніва"