У Беларусь паступіў апошні транш крэдыту МВФ

Беларусь атрымала чарговы транш крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры прыкладна 670 млн. долараў ЗША, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар — начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Анатоль Драздоў.

Паводле яго слоў, сродкі будуць залічаны ў склад золатавалютных рэзерваў краіны і пры неабходнасці выкарыстаны на падтрыманне курсу нацыянальнай валюты. 26 сакавіка савет дырэктараў МВФ завяршыў апошні, чацвёрты, агляд праграмы stand-by ў Беларусі і ўхваліў выдзяленне завяршальнага траншу. "Беларусь дасягнула значнага прагрэсу ў ліквідацыі наступстваў эканамічнага крызісу, і выкананне абавязацельстваў па праграме stand-by застаецца здавальняльным. Вытворчасць стабілізавалася, інфляцыя зніжаецца, а золатавалютныя рэзервы павялічыліся", — заявіў 26 сакавіка на пасяджэнні савета дырэктараў намеснік генеральнага дырэктара МВФ і выканаўца абавязкаў старшыні фонду Нааюкі Шынахара. Тым не менш, паводле яго слоў, "дэфіцыт рахунку бягучых аперацый павялічыўся ў 2009 годзе і памеры публічнага і знешняга доўгу прыкметна выраслі, што сведчыць пра знешнюю слабасць" эканомікі краіны. У маі эксперты МВФ прыбудуць у Мінск для падвядзення вынікаў выканання праграмы stand-by і правядзення перамоў на прадмет далейшага супрацоўніцтва з Беларуссю. Чакаецца, у прыватнасці, што бакі абмяркуюць магчымасць працягу фінансавання МВФ сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў Беларусі. У Нацбанку заяўляюць, што завершаная праграма stand-by адыграла "адну з ключавых роляў у стабілізацыі эканомікі Беларусі ў 2009 — пачатку 2010 года, дазволіла падтрымаць стабільнасць на валютным рынку, забяспечыць большую ўстойлівасць фінансавай сістэмы, падтрымаць упэўненасць інвестараў і дамашніх гаспадарак". Праграма stand-by была зацверджана кіраўніцтвам МВФ у студзені 2009 года. У чэрвені памер фінансавага пакета быў павялічаны амаль на 1 млрд. долараў. Сродкі пералічваліся пад праграму эканамічных рэформаў, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года), з улікам штоквартальных справаздач беларускага ўрада. Агульная сума сродкаў, выдзеленых Беларусі фондам у межах стабілізацыйнай праграмы, склала прыкладна 3,46 млрд. долараў.

Аляксей Арэшка, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение