Ноч. Філармонія. Фестываль.

Цяпер не толькі ў музеях! У ноч на Івана Купалу, 23 чэрвеня, у будынку Дзяржфілармоніі адбудзецца вялікі трыё-фестываль сучаснай і класічнай культуры "Ноч музыкі".

З 21 да 5 раніцы дзверы музычнай установы будуць адчыненыя для наведнікаў: на сцэне будуць гучаць класічныя і мадэрновыя творы беларускіх і замежных кампазітараў, а таксама дэманстравацца харэаграфічныя нумары. Пра гэта паведаміла кампазітарка, арганізатарка фэсту, Ларыса Сімаковіч.

Кульмінацыяй начнога фестывалю зробіцца пастаноўка спектаклю "Жорж Санд, мазурка і Шапэн".

"На сцэне будуць стаяць тры раялі і гучаць творы Шапэна, упоравень з прамовамі драматычных актораў, — кажа Ларыса Сімаковіч. - Літаратурная аснова спектаклю — ліставанне Жорж Санд з Фрыдэрыкам Шапэнам".

Падчас "Ночы музыкі" у фае філармоніі выставяць свае працы сучасныя мастакі. А на прыступках будуць усталяваныя плазменыя экраны, каб мінакі таксама маглі сочыць за дзействам на сцэне. А каб публіка не прысынала падчас фестывалю будуць зробленыя перапынкі на каву.

Аб сваім удзеле ў «Ночы музыкі» ужо заявілі творчыя калектывы з Польшчы і Расіі. Да іх могуць далучыцца ўкраінскія, французскія ды італьянскія музыкі і танцоўшчыкі.

Яшчэ адна мэта незвычайнага начнога фестывалю — прыцягнуць увагу да творчасці сучасных беларускіх кампазітараў.

!З непачутымі творамі беларускіх кампазітараў часам хочацца паступіць, як у свой час зрабіў са сваёй неадпраўленай карэспандэнцыяй Шапэн: перавязаць стужачкай і надпісаць "Маё гора", — дадае Сімаковіч. — Вельмі хочацца, каб сапраўдная беларуская музыка была сыграная, і каб не панавала на сцэне паказуха і не вельмі якасная папса".

"Наша Ніва"