Дзень Волі -- 2010.

Некалькі тысяч чалавек сабраліся ля Акадэміі навук, каб адзначыць дзень нацыянальнага вызвалення. Мітынг прайшоў у разняволенай, светлай атмасферы. Было нямала сямей з дзецьмі. Асноўную частку ўдзельнікаў складала моладзь. Сілы аховы парадку паводзілі сябе карэктна.

Фота Юліі ДарашкевічПачатак. Народ пакрыху збіраецца да Акадэміі навук.
Фота Юліі ДарашкевічЖыве Беларусь!
Фота Юліі ДарашкевічГаворыць сустаршыня БХД Аляксей Шэін.
Фота Юліі ДарашкевічУладзімір Някляеў рыхтуецца.
Фота Юліі ДарашкевічПакуль ішоў мітынг, поруч працавала група сапёраў з мінашукальнікам і сабакам.
Фота Юліі ДарашкевічРушылі ў цэнтр.
Фота Юліі ДарашкевічАдзін з нешматлікіх сілавых момантаў акцыі.
Фота Юліі ДарашкевічАМОН просіць разысціся.
Фота Юліі ДарашкевічСценка на сценку?

19:37

Каля сотні чалавек засталіся стаяць у раёне вуліцы Петруся Броўкі. паміж імі ходзіць палкоўнік міліцыі з мегафонам, нагадвае пра адказнасць. Няспешным крокам ён кіруецца ў бок Акадэміі Навук, за ім рушыла моладзь з бел-чырвона-белым сцягам. Ствараецца парадаксальнае ўражанне, што палкоўнік ачольвае шэсце.

Задніх ад ад вуліцы Броўкі мякка адціскае АМОН. Заклікаючы разыходзіцца «Уважаемые граждане... » Дзве нацыяналісткі сталага века жартуюць з амонаўскім начальнікам: “Ой, вы ўсе такія чорныя страшныя! Мы вас баімся!” Амонавец смяецца.

19:32

Акцыя фактычна скончана. “Маладая Беларусь” згортвае расцяжку. Тры шэрагі амонаўцаў-шлеманосцаў стаіць непарушна. Першы, слабейшы ланцуг зняты, каб адкрыць людзям шлях да метро.

19:26

Начальнік мінскай міліцыі Леанід Фармагей стаў перад актывістамі “Маладой Беларусі” і просіць іх не парушаць грамадскі парадак і разысціся.

Артур Фінькевіч, які стаяў у першым шэрагу з расцяжкай «Маладая Беларусь», гучна павіншаваў усіх прысутных з Днём Волі, падзякаваў, выказаў упэўненасць, што на прэзідэнцкіх выбарах пераможа дэмакратычны кандыдат. Людзі пачынаюць разыходзіцца.

19:18

Шлях да цэнтру заблакіраваў спецназ у шлемах і цяжэйшым абмундзіраванні. Спецназаўцы стаяць у два шэрагі, ад калоны спецмашынаў, што на вуліцы Броўкі, групамі бяжыць падмацаванне. Авангард удзельнікаў акцыі спыніўся і вагаецца, ці пераходзіць вуліцу. Моладзі яўна мала, каб прарваць такі моцны кардон.

Другую группу — каля 100 чалавек — з расцяжкай «Вольная моладзь» ля прыпынку аўтобуса № 100 «Вуліца Петруся Броўкі» стрымлівае невялікі ланцуг спецназаўцаў у лёгкім абмундзіраванні.

19:16

Людзі абходзяць АМОН па газонах, частка пабегла наперад.

АМОН расцягнуўся на ўсе ходнікі, узяўшыся за рукі, і трымае частку натоўпу. Абодва бакі ўнікаюць ужывання сілы.

19:15

Каля прыпынка аўтобуса №100 “Вуліца петруся Броўкі” шлях мітынгоўцам перагарадзіў ланцуг спецназа. Байцы ў лёгкай форме, з дубінкамі пры баку. Калона спынілася. Дзесьці ў сярэдзіне натоўпу стаіць палкоўнік міліцыі з мегафонам і паўтарае: «Не паддаемся на правакацыі, а развяртаемся і разыходзімся».

19:11

Шэсце спрабуе спыніць Леанід Фармагей, на падвышаных танах заклікаючы рухацца заяўленым маршрутам. Але яго адціскаюць набок і людзі рушаць далей. Ля вуліцы Петруся Броўкі паказаўся ланцуг спецназа.

Тых, хто рушыў у цэнтр, даганяе частка мітынгоўцаў ад Акадэміі навук. Але далёка не ўсе. Частка працягвае махаць сцягамі на броўцы праспекта. Іншыя застаюцца стаяць ля Акадэміі навук.

19:08

Пара соцень чалавек ад Акадэміі навук рушыла ў бок цэнтра, скандуюць «Жыве Беларусь». Праспект перабягаюць некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў ДАІ. Яны становяцца ўздоўж праезнай часткі і страхуюць, каб людзі не выходзілі на дарогу.

19:06

Белавольцы дайшлі да універсама «Рыга». Правялі там імправізаваны мітынг, дзе заявілі, што будуць дзейнічаць па прынцыпе паваенных беларускіх партызанаў-нацыяналістаў.

18:58

Людзі стаяць уздоўж праспекта, махаюць сцягамі. Ва ўсіх святочны настрой.

18:54

Белавольцы прайшлі скрыжаванні Коласа і Сурганава. Амонаўцы пакуль іх не чапаюць.

18:50

Сустаршыня БХД Аляксей Шэін заклікаў усіх, як летась, пашыхтавацца ўздоўж праспекта са сцягамі.

Хто ёсць з палітыкаў і вядомых людзей? Анатоль Лябедзька вяртаецца з Валожына, дзе ён быў пакараны штрафам у 30 базавых велічыняў, або 1 млн 50 тыс. рублёў (удзел у несанкцыянаванай акцыі падтрымцы актывістаў непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў). Потым машыну Лябедзькі яшчэ і затрымала ДАІ.

З грамадскіх дзеячоў заўважаныя барды старшыня БАЖ Жанна Літвіна, барды Андрэй Мельнікаў і Зміцер Бартосік, пісьменнік Уладзімір Някляеў, народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, літаратуразнавец Язэп Янушкевіч, палітолагі Віталь Сіліцкі і Віктар Марціновіч, выдаўцы Ірына Віданава, Аляксей Кароль, Вячаслаў Хадасоўскі, Аляксандр Старыкевіч. З палітыкаў прысутнічаюць Павал Севярынец, Андрэй Саннікаў і Ірына Халіп, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч, Алесь Міхалевіч.

Мілінкевіча няма, ён знаходзіцца ў замежнай паездцы ў Брусэлі.

18:41

Белавольцы дайшлі да вуліцы Сурганава, там іх спыніў ланцуг спецназа. І яны пайшлі ў бок плошчы Бангалор.

18:37

Артур Фінькевіч заклікаў усіх удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Сёння на акцыю ён прыйшоў з вялікай сумкай: хлопец рыхтуецца да Акрэсціна. Артур быў сёння завочна асуджаны да адміністрацыйных сутак за акцыю салідарнасці 16 сакавіка.

18:35

Міліцыянт з спецыяльна навучаным на выбухоўку сабакам правяраюць кусты вакол выхаду з метро. Народ актыўна дапамагае, дае парады, дзе варта ўважлівей зірнуць. “Там бляшанка пад кустом! Прапусціў бляшанку!” – чуецца час ад часу.

18:34

Адзін з актывістаў “Белай Волі” ўзяў мегафон. «Я заклікаю ўсіх сапраўдных нацыяналістаў пашыхтавацца ў калону і рухацца па маршруце”. Незразумела, хто “я” – бо твар яго закрыты павязкай. І ннезразумела, куды ісці -- што значаць словы “па маршруце”.

Белавольцы рушылі ў кірунку Нацыянальнай бібліятэкі. Ланцуг спецназаўцаў, якія правяраюць сумкі ва ўсіх, хто ідзе тратуарам у бок цэнтру, схінуўся набок і прапусціў іх.

18:32

За акцыяй сочаць члены дыпламатычнага корпусу. Прысутнічаюць пасол Польшчы Генрык Літвін, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, пасол Вялікабрытаніі спадарыня Роўзмары Томас.

Таксама працуе інфармацыйная група міліцыі ў сініх камізэльках. Народ з яе пацяшаецца.

18:26

З боку вуліцы Сурганава стаіць ланцужок амонаўцаў, якія аглядаюць сумкі тых, хто ідзе на акцыю. Робяць гэта карэктна. Усяго ўдзельнікаў сабралася каля 2 000 чалавек.

Пачаўся мітынг. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч прапанаваў ушанаваць хвілінай маўчання памяць пісьменніка Кастуся Тарасава, пахаванне якога прайшло сёння.

Таксама ён абвясціў пачатак месячніка салідарнасці, у часе якога будуць збірацца грошы для хворых дзяцей.

Выступае сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, ён падзякаваў усім змагарам за незалежнасць Беларусі.

Ад Руху за Свабоду выступіў таксама Алесь Лагвінец.

Вячаслаў Сіўчык нагадаў, што за кратамі знаходзяцца Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, якім вельмі патрэбная салідарнасць.

Уладзімір Някляеў заявіў, што дзяржава ў нас збудавана на татальнай хлусні і толькі праўдай можна яе пераадолець. Таксама ён прачытаў верш.

18.16

На ўскрайку акцыі шчыльнай групай стаіць каля дваццаці маладых людзей. Большасць з іх мае голеныя галовы. Яны апранутыя ў кароткія курткі, абутыя ў берцы. Іх твары закрываюць павязкі. У кагосьці гэтую ролю выконвае шалік, але ў многіх – памятная па эпідэміі грыпу марлевая павязка з аптэкі. Яны з усіх бакоў абгарадзіліся транспарантамі з надпісамі “Белая Воля”, «Спорт. Вернасць. Гонар. Кроў», «Не — дэмакратыі, капіталізму, камунізму», «Сыны Перуна». На апошнім адлюстраваныя Пагоня на зялёным шчыце, аўтаматчык і салярная сімволіка. Людзі фатаграфуюцца на фоне экзатычных расцяжак, просяць патлумачыць, што да чаго. “Вы што – не ведаеце, хто такі Пярун?” – адказваюць з-за транспарантаў.

17:58

Ля Акадэміі ўжо каля 400 чалавек.

17:52

НачальнікГУУС Мінска Леанід Фармагей заявіў, што, паводле аператыўнай інфармацыі «прадстаўнікамі замежных грамадзян» рыхтуюцца падзеі накшталт тых, што адбыліся 3–4 ліпеня 2008 года. Таму ён заклікаў удзельнікаў акцыі быць пільнымі і прыглядацца да навакольных, а таксама аказваць дапамогу міліцыі ў затрыманні злачынцаў.

У нефармальнай размове міліцыянты дадаюць, што гэтыя людзі прыехалі з Расіі.

Міліцыя таксама мае на руках аркушы паперы з арыенціроўкай (прыкметамі чалавека, які прыляцеў сёння ў мінскі аэрапорт).

17:50

Колькасць удзельнікаў вырасла да 200 чалавек. Шмат бацькоў з дзецьмі.

Больш за дзясятак бел-чырвона-белых сцягоў і каля пяці сцягоў «Еўрапейскай Беларусі». Раздаюць маленькія сцяжкі «Моладзі БНФ» і газету «Наша слова».

З’явілася расцяжка «25 Сакавіка — Дзень Незалежнасці».

17:42

Ля Акадэміі ўжо сабралася каля 100 чалавек. Узняты першы сцяг.

17:41

ДАІ тлумачыць рэквізаванне апаратуры неабходнасцю праверкі дакументаў і прапануе пасільную дапамогу ўдзельнікам шэсця ў дэфіляванні па вуліцы Сурганава на Плошчу Бангалор. Моўчкі.

Віктар Івашкевіч заяўляе, што найлепшым варыянтам — застацца ля Прэзідыума і так правесці мітынг.

17:35

На пляцоўцы ля Акадэміі навук пачынаецца збірацца народ. Розныя групкі. Чалавек 50. У арганізатараў рэквізавалі апаратуру.

17:29

10 аўтазакаў з міліцыяй стаіць за Філармоніяй за Плошчай Якуба Коласа.

Вуліца Дарашэвіча і Петруся Броўкі застаўленыя аўтазакамі міліцыі. Але міліцэйскіх загароджаў пакуль няма.

Сярод спецназаўцаў — прыгожыя спецназаўкі ў форме.

***

А 18‑й ля будынка Прэзідыума Акадэміі навук павінна пачацца традыцыйная акцыя, прысвечаная Дню Волі.

Мінгарвыканкам даў дазвол на акцыю з умовай далейшага шэсця вуліцай Сурганава на плошчу Бангалор.

Заяўнікі акцыі напачатку меліся прайсці праспектам Незалежнасці да Парка Горкага, але пасля дазволу Мінгарвыканкама, заявілі, што рашэнне пра далейшы маршрут акцыі будзе прымацца на месцы.

"Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение