Беларускі ПЭН-цэнтр абвясціў творчы конкурс для маладых літаратараў да 100-годдзя Ларысы Геніюш

Беларускі ПЭН-цэнтр абвясціў конкурс для маладых літаратараў, прысвечаны 100-годдзю з дня народзінаў паэткі Ларысы Геніюш, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар цэнтра Наста Бакшанская.

Паводле яе слоў, да ўдзелу запрашаюцца творцы ад 15 да 26 гадоў (на момант абвяшчэння конкурсу). Да разгляду журы, якое ўзначальвае старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра паэт Андрэй Хадановіч, прымаюцца вершы, малая проза, эсэістыка і пераклады, дасланыя (паводле даты на паштовым штэмпелі або даты адпраўкі электроннага ліста) не пазней за 10 красавіка. Вынікі конкурсу будуць падведзеныя 20 красавіка. Як адзначыла Бакшанская, лаўрэаты конкурсу будуць запрошаныя ў Мінск на літаратурны семінар і майстар-класы, дзе змогуць прадставіць і абмеркаваць свае творы з вядомымі пісьменнікамі, выкладчыкамі і вучонымі. Творы можна дасылаць на адрас: 220050, Мінск. а/с 218, РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", ці па электроннай пошце: pen@vessobel.by (з пазнакай "Літаратурны конкурс"). Даведкі — праз электронную пошту ці тэлефон у Мінску: 284-73-29. Ларыса Геніюш нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння Ваўкавыскай гімназіі жыла з мужам-эмігрантам у Празе, дзе з'яўлялася сакратаром прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі Васіля Захаркі. Геніюш займалася захаваннем і ўпарадкаваннем прэзідэнцкага архіва, падтрымлівала беларускіх эмігрантаў, палітычных бежанцаў і ваеннапалонных. У Празе ў 1942 годзе яна выдала сваю першую кнігу "Ад родных ніў". 5 сакавіка 1948 года, з'яўляючыся грамадзянкай Чэхаславакіі, Геніюш была арыштаваная, а ў 1949 годзе ў Мінску асуджаная на 25 гадоў пазбаўлення волі як асоба без грамадзянства. Пакаранне адбывала ў лагерах Комі і Мардовіі. У 1956 годзе была датэрмінова вызваленая, але дагэтуль не рэабілітаваная. Пасялілася на радзіме мужа — у райцэнтры Зэльва Гродзенскай вобласці, дзе фактычна знаходзілася пад дамашнім арыштам, нават не маючы магчымасці пабачыць адзінага сына, які жыў у Беластоку (Польшча). Да самай смерці — 7 красавіка 1983 года — паэтка так і не прыняла савецкага грамадзянства.

Марат Гаравы, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение