У Гродне больш як 200 чалавек узялі ўдзел у дыктоўцы "Гародня, будзьма з мовай!"

21 сакавіка ў Гродне больш як 200 чалавек узялі ўдзел у дыктоўцы "Гародня, будзьма з мовай!", што адбылася ў межах ІІІ агульнанацыянальнай дыктоўкі, паведаміў БелаПАН дэмакратычны актывіст Павал Мажэйка. Паводле яго слоў, дыктоўку арганізавалі шэраг гарадскіх грамадскіх арганізацый, ініцыятываў і “проста неабыякавых людзей". Тэкст дыктоўкі — прадмову Уладзіміра Караткевіча да кнігі "Памяць зямлі беларускай" — чытаў вядомы паэт і перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, які спецыяльна наведаў Гродна. Пасля дыктоўкі адбылося "шоу-свята мовы" ад Андрэя Хадановіча, які на працягу гадзіны чытаў новыя вершы, спяваў і прэзентаваў сваю апошнюю кнігу "Несіметрычныя сны". Падчас акцыі кожны з удзельнікаў мог пакінуць надпіс на памяць пад ільняной расцяжкай памерам чатыры на тры метры, на якой было напісана: "Гародня, будзьма з мовай-2010!". Сярод пажаданняў, якія пакінулі удзельнікі акцыі для нашчадкаў, ёсць наступныя: размаўляць на роднай матчынай мове штодня, каб яна прыйшла ў школу, а таксама пісаць дыктоўку некалькі разоў на год. Усе ўдзельнікі дыктоўкі атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі "Будзьма беларусамі!", тэлеканала "Белсат" і "Радыё Рацыя". Гэта торбачкі, кашулі, асадкі, дакументальныя беларускамоўныя фільмы і літаратура. Як адзначыў Мажэйка, з кожным разам на акцыю прыходзіць усё больш моладзі. "А мы стараемся рабіць дыктоўку па-сучаснаму. Гэта не проста акадэмічная дыктоўка, якую людзі пішуць, каб праверыць свае веды. Для нас дыктоўка — гэта свята мовы, месца сустрэчы аднадумцаў з цікавымі людзьмі. Дыктоўка засведчыла, што беларуская мова жывая і колькасць яе носьбітаў у горадзе з кожным годам павялічваецца. Яна засведчыла, што беларуская мова не з`яўляецца дзівацтвам і справай толькі нейкіх апантаных людзей. Пісаць дыктоўку прыходзяць людзі розных прафесій, адукацыі і узросту (ад трох да васьмідзесяці гадоў), каб прадэманстраваць сваю салідарнасць з мовай", — сказаў Мажэйка.
Марат Гаравы, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение