БХД хоча зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным святам

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя ініцыявала кампанію па збору подпісаў пад зваротам да ўраду Беларусі з патрабаваннем аб'явіць 25 сакавіка і 8 верасня дзяржаўнымі святамі.

Адзначаючы выключную важнасць гістарычных падзеяў, што адбыліся ў дзень 25 сакавіка 1918 года і 8 верасня 1514 года для кожнага грамадзяніна Беларусі, іх лёсавызначальнасць для існавання беларускага народу і беларускай незалежнай дзяржавы, мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем:

--  прызначыць дзень 25 сакавіка дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь – Днём Волі;

-- дзень 8 верасня -- дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь - Днём Беларускай вайсковай славы (Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь);

-- вызначыць гэтыя дні непрацоўнымі”, - гаворыцца ў звароце.

БХД заклікае беларускае грамадства падтрымаць гэты зварот. Пазней гэты дакумент з подпісамі будзе перададзены ў адміністрацыю прэзідэнта ды ва ўрад. Сёння пад ім падпісаліся лідэры БХД Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец, кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік Менскай арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, паведамляе сайт БХД

"Радыё Рацыя"