Янукевіч: На Бангалор людзей не павядзём

Старшыня Партыі БНФ і аргкамітэта па святкавання Дня Волі Аляксей Янукевіч кажа, што маршрут акцыі на 25 Сакавіка застанецца ранейшым: збор а 18:00 на пляцы ля Акадэміі навук, а потым шэсце праспектам Незалежнасці да сквера Янкі Купалы.

"Адказу з Мінгарвыканкаму на нашу заяўку мы яшчэ не маем", — кажа А.Янукевіч.

Лідэр БНФ падкрэслівае, што ў святкаванні Дня Волі возьмуць удзел усе дэмакратычныя сілы. "Гэта можа сведчыць, што ніякіх сварак паміж намі няма", — гаворыць палітык.

Па словах Янукевіч, акцыя 25 Сакавіка павінна стаць прыгожай і ўрачыстай. Будуць выступы паэтаў, бардаў. "Гэта выдатнае беларускае свята, якое трэба адзначаць", — кажа Янукевіч.

На пытанне, як збіраюцца дзейнічаць арганізатары, калі АМАП перагародзіць дарогу ў цэнтр, Янукевіч адказаў:

"Гэта будзе залежыць ад той колькасці людзей, якая прыйдзе. Ёсць розныя варыянты, якія пакуль не хачу агучваць. Скажу дакладна толькі адно, што на Бангалор людзей ніхто не павядзе".

Зміцер Панкавец, "Наша Ніва"