У Мінску прайшлі вобыскі ў незалежных журналістаў

Супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным правялі вобыскі ў офісе сайта www.charter97.org, рэдакцыі газеты "Народная воля", а таксама ў кватэры журналісткі Ірыны Халіп і яе мужа, лідэра грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэя Саннікава.

Ва ўсіх выпадках канфіскаваны сістэмныя блокі камп'ютэраў і электронныя носьбіты інфармацыі.

Усе вобыскі праводзіліся па так званай "паляўнічай справе", у аснове якой — канфлікт паміж сілавымі структурамі ў Гомельскай вобласці. Паводле заявы аднаго з яго фігурантаў, распачата яшчэ адна крымінальная справа — аб паклёпе па факце публікацыі артыкулаў на гэтую тэму ў шэрагу СМІ. Гэта ўжо другая хваля вобыскаў у сувязі з дадзенай справай. У лютым вобыскі праводзіліся ў журналістаў "Народной волі" Марыны Коктыш і Святланы Калінкінай. А Ірына Халіп і Андрэй Саннікаў 3 сакавіка былі дапытаныя ў УУС Партызанскага раёна Мінска.

У пачатку сакавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) накіравала ліст генпракурору Рыгору Васілевічу, у якім заявіла аб незаконнасці дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.  "Гэтыя вобыскі нагадалі падзеі двухгадовай даўніны, калі вобыскі — і таксама па прычыне расследавання крымінальнай справы аб паклёпе і абразе, але прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — прайшлі ў кватэрах журналістаў па ўсёй Беларусі. Як і зараз, тады ў пастановах аб правядзенні вобыску не прыводзілася ніякіх канкрэтных падстаў, акрамя спасылкі на тое, што ў месцах вобыскаў нібыта "могуць знаходзіцца якія-небудзь прадметы, якія могуць мець значэнне для справы. Як і зараз, асобы, у якіх рабіліся вобыскі, не з'яўляліся падазронымі ці абвінавачанымі па справе. Як і зараз, у грамадскасці былі ўсе падставы меркаваць, што сапраўднай мэтай вобыскаў з'яўляецца перашкаджэнне журналісцкай дзейнасці і запужванне журналістаў", — гаварылася ў лісце. Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец, на днях генпракуратура паведаміла асацыяцыі аб тым, што ліст накіраваны ў Гомельскую вобласць на рэагаванне мясцовай пракуратуры, якая і санкцыянавала ўсе гэтыя вобыскі. "Але замест адэкватнага рэагавання мы бачым новую хвалю вобыскаў", — канстатаваў Бастунец.  Паводле яго слоў, БАЖ бачыць у гэтым "два насцярожваючыя моманты". "Першы — тое, што вобыскі праводзяцца ў журналістаў. Гэта можна расцэньваць як грубае ўмяшанне ў свабоду выказвання думкі і ў свабоду журналісцкай дзейнасці", — гаворыць Бастунец. "Другое — вобыскі праводзяцца пад маркай справы аб паклёпе. Гэта прыватная справа, і тое, наколькі ў яго ўключаны ўвесь дзяржаўны механізм, наводзіць на развагі: ці няма тут пэўнага злоўжывання, парушэння канстытуцыйных палажэнняў аб роўнасці ўсіх перад законам? Справа аб паклёпе, распачатая па заяве аднаго з высокапастаўленых чыноўнікаў КДБ, уключае ўвесь дзяржаўны механізм. Немагчыма ўявіць падобнае, калі б гаворка ішла пра іск звычайнага грамадзяніна", — адзначыў Бастунец. Ён паведаміў, што БАЖ інфармуе аб тым, што адбываецца, міжнародныя структуры, у тым ліку Міжнародную федэрацыю журналістаў і арганізацыю "Рэпарцёры без межаў".  "Думаю, гэта самым негатыўным чынам паўплывае на імідж Беларусі", — сказаў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. У праваахоўных органах сённяшнія вобыскі не каментуюць.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение