Адхіленая ад пасады рэдактар беларускага выпуску "Комсомолки"

Галоўны рэдактар беларускага выпуску газеты "Комсомольская правда" в Беларуси» Алена Міронава адхіленая ад пасады.

Фота tut.by

У офісе выдання кажуць, што звальненне стала для іх поўнай нечаканасцю — гэтак жа, як і некалькі гадоў таму падчас аналагічнага звальнення Юліі Слуцкай.

Сама Алена Міронава сказала, што ніякіх папераў на гэты конт яшчэ не падпісвала і знаходзіцца на працоўным месцы:

"Я зараз не гатова нейкую інфармацыю ні агучваць, ні абмяркоўваць з кімсьці. Ніякіх дакументаў я пакуль не падпісвала…".

Між тым, у рэдакцыі паведамілі, што на пераходны перыяд выконваць абавязкі галоўнага рэдактара ўжо прызначаная Ульяна Бабаед.

Радыё Свабода

Charter97.org дадае, што сёння газеце "КП в Беларуси" вынесена другое папярэджанне за год Міністэрства інфармацыі. Яшчэ адно папярэджанне можа прывесці да закрыцця выдання. За што папярэдзілі газету – пакуль невядома.

***

Алена Міронава заняла рэдактарскі фатэль пасля рашэння маскоўскай адміністрацыі "Комсомольской правды" в Беларуси" 1 лістапада 2006 года звольніць з пасады Юлію Слуцкую. Да 1 лістапада 2006 г. А. Міронава займала пасаду рэдактара рэкламна-інфармацыйнай газеты "Ва-Банк".

За час кіравання Міронавай газета працягнула незалежніцкую пазіцыю. Наклад газеты нават вырас. Штодзённы з 48 тыс. да 63 тыс. асобнікаў за нумар. Наклад "таўстушкі" - 337 тыс. асобнікаў.

У лістападзе 2009 года "КП в Беларуси" атрымала першае папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Газета пільна сачыла за сітуацыяй вакол эпідэміі сезоннага і свінога грыпу ў краіне.

"Наша Ніва"