Пачынаецца суд над Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам

Сёння ў Вярхоўным судзе Беларусі пачынаецца працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі. Пасяджэнне будзе весці суддзя Аляксей Цяцюхін.

Працэс пачнецца ў 10.00 у адкрытым рэжыме, аднак калі адзін з бакоў заявіць хадайніцтва аб правядзенні пасяджэння ў закрытым рэжыме, суддзя можа яго задаволіць. Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманы 8 лютага 2009 года. Праз 10 дзён ім прад'явілі абвінавачанне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 20 лістапада Асіпенку і Аўтуховічу было прад'яўлена абвінавачанне ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта. Лявонава ў пачатку жніўня вызвалілі з-пад варты, а 24 верасня з яго былі зняты ўсе абвінавачанні. У студзені 2010 года міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch прызнала, што ваўкавыскія прадпрымальнікі былі арыштаваны па палітычна матываваных справах. Беларускія праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што раней Аўтуховіч і Лявонаў ужо былі судзімыя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення. 6 студзеня, прадстаўляючы журналістам у Мінску хроніку парушэнняў правоў чалавека ў 2009 годзе, кіраўнік арганізацыі "Праваабарончы альянс" (Літва) Людміла Гразнова назвала Аўтуховіча і Асіпенку "сімвалічнымі ахвярамі" беларускай улады. Паводле яе слоў, традыцыйна ў Беларусі застаюцца два-тры зняволеныя па палітычных матывах, якія або знаходзяцца працяглы час у следчым ізалятары, або адбываюць тэрмін зняволення ў калоніі. "Калі раней такія людзі адназначна арыштоўваліся па "палітычных" артыкулах Крымінальнага кодэкса, то цяпер назіраецца некаторая "мімікрыя": улады гавораць аб тым, што Аўтуховіч і Асіпенка сядзяць за падрыхтоўку тэрарыстычнага акта ў дачыненні да старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі і намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі. Тым не менш праваабаронцы лічаць іх палітычнымі зняволенымі", — падкрэсліла Гразнова. Яна лічыць, што гэта "павучальныя арышты і сімвалічныя ахвяры, якія ўлада прыносіць штогод для таго, каб грамадзянская супольнасць і палітычная апазіцыя адчувалі псіхалагічныя стрэсы і не праяўлялі той актыўнасці, якую маглі б праявіць".

Сяргей Пульша, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение