Кавалак старога Менску прадалі Султанату Аман

Аманскі інвэстар набывае кавалак зямлі, каб пабудаваць шматфункцыянальны комплекс. Адпаведны ўказ пад № 93 падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Дзяржаўны генэральны рэзэрвовы фонд Султанату Аман атрымае ва ўласнасьць зямельны ўчастак у цэнтры Менску за $10 млн. Асноўныя палажэньні ўказу:
  • Новастворанае прыватнае прадпрыемства “Арол Пропэціз чатыры” атрымлівае ў прыватную ўласнасьць надзел зямлі ў межах вуліц Янкі Купалы — Максіма Багдановіча — ракі Сьвіслачы.
  • Надзел перадаецца ва ўласнасьць без правядзеньня аўкцыёну.
  • Да 2016 году на гэтым месцы будзе пабудаваны новы комплекс.
  • Ва ўласнасьць таксама перадаюцца будынкі і збудаваньні на гэтай тэрыторыі. У тым ліку: Нацыянальны выставачны цэнтар “БелЭкспа”, 2-я гарадзкая клінічная бальніца і цеплавая падстанцыя. Вызваленьне гэтых будынкаў і збудаваньняў будзе зроблена за кошт ведамстваў, на балянсе якіх яны знаходзяцца.
  • Забараняецца зносіць будынкі, якія ўключаныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў: манастырскі корпус, дом інвалідаў, багадзельня. Таксама трэба захаваць Алею Дружбы.
  • На пэрыяд будаўніцтва заказчык вызваляецца ад выплаты мыта і падатку на дададзеную вартасьць на абсталяваньне, будматэрыялы і іншыя тавары для будаўніцтва, якія ўвозяцца ў Беларусь.