На АНТ нейтральны фільм пра Янку Філістовіча

На тэлеканале АНТ вечарам у пятніцу быў прадэманстраваны фільм Людмілы Клінцовай "Шпіён з‑пад Вілейкі".

Гэты дакументальны фільм дэманстраваўся ў рамках праекту "Зваротны адлік" і быў прысвечаны асобе Янкі Філістовіча.

Перадача была вытрыманая ў абсалютна нейтральных колерах. Нават служба Філістовіча ў СД была растлумачаная, як непрыманне ім савецкай акупацыі, якая рэпрэсавала бацьку Янкі. Не было ні кроплі негатыву сказана пра пасляваенныя эміграцыйныя арганізацыі беларусаў у Заходняй Еўропе, а таксама пра асобу Барыса Рагулі.

У перадачы была агучаная лічба, што пасля 1950 года ў беларускіх лясах заставалася каля 10 тысяч партызанаў‑антысаветчыкаў, пераважна з Арміі Краёвай і былых удзельнікаў пранямецкіх фармаванняў. Таксама аўтар перадачы заявіў, што шмат дзе яны мелі падтрымку мясцовага насельніцтва, бо ў краіне працягвалася калектывізацыя, рэпрэсіі, антыцаркоўная палітыка.

Звяртае ўвагу, што Філістовіча не выдаў ніводзін з 18 дапытаных па гэтай справе вяскоўцаў. Нават селянін, у якога ён схаваўся паранены, яго не выдаў. У дачыненні да Янкі ні разу не прагучала словаў кшталту "бандыт". Сама ж аперацыя па вылоўліванні дыверсанта была названая ледзьве не ўзорнай. А Філістовіча высока ацанілі як канспіратара і інтэлектуала.

У фільме быў агучаны такі цікавы факт: сярод лістоў Філістовіча была знойдзена запіска са словамі "У горадзе в.ш. войскаў". Чэкісты так і не змаглі расшыфраваць гэты надпіс. Тады ўрэшце Янка сказаў следчаму: "Вам даравальна, вы каўказец. Але няўжо сярод вас няма беларусаў? В.ш. — гэта значыць "вельмі шмат".

Фільм здымаўся з выкарыстаннем архіваў КДБ. Аднак упершыню ў ім не было савецкай прапагандысцкай мантры. Такая нейтральная пазіцыя ў дачыненні да Філістовіча выглядае досыць нечаканай і новай.

* * *

Янка Філістовіч — малады беларускі эмігрант, які на заданне Рады БНР у супрацы з амерыканскай выведкай дэсантаваўся ў Беларусі дзеля збору інфармацыі і гуртавання партызанаў. Ён хаваўся ў лясах пад Вілейкай год. Пасля арышту яго расстралялі. У фільме было заяўлена, што Філістовіч выклікаў у следчых МГБ павагу, але яны лічылі яго беларускім фанатыкам.

Зміцер Панкавец, "Наша Ніва"