У Мінску з’явяцца білборды з партрэтам Караткевіча

Міністэрства культуры Беларусі распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім пералічвае мерапрыемствы, што рыхтуюцца да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча.

Аблвыканкамы сумесна з Мінскім і Аршанскім гарвыканкамамі плануюць мемарыялізаваць і добраўпарадкаваць мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю пісьменніка. Працы тут шмат. Бо толькі на адной Рагачоўшчыне, да прыкладу, іх захавалася з дзесятак. Адны ён перанёс у свае творы, іншыя — паспрыялі стварэнню тых твораў. У Рагачове захавалася хата дзядзькі пісьменніка, у якой былі напісаныя “Ладдзя роспачы”, “Сівая легенда”. Але на ёй няма ніякай шыльды, якая б распавядала пра Караткевіча. У хаце можна было б стварыць і асобны музей. Бо ў пакойчыку ў мясцовым краязнаўчым музеі, адведзеным пад літаратуру краю, пісьменніку прысвечана толькі пара стэндаў. Гэтага, зразумела, недастаткова. Але гаспадар, стрыечны брат Караткевіча Сяргей, адмовіўся вызваліць хату і пераехаць у кватэру, якую яму прапаноўвала дзяржава.

Пакуль адзіная прыемная навіна — вуліца Чкалава, на якой знаходзіцца хата, будзе перайменавана ў гонар Уладзіміра Караткевіча.

Сёлета ў Кіеве, дзе пісьменнік вучыўся на філфаку універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, паўстане яму помнік.

Па ініцыятыве Міністэрства культуры і пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі прадугледжана выданне твораў Караткевіча на замежных мовах. А таксама іх прэзентацыя ў сталіцах некаторых краін.

На кінастудыі “Беларусьфільм” распачалі працу над стварэннем 4-серыйнага тэлевізійнага мастацкага фільма па кнізе “Каласы пад сярпом тваім”. А летась старшыня ТРА саюзнай дзяржавы Ігар Угольнік паведамляў, што будзе зняты таксама фільм па матывах рамана “Чорны замак Альшанскі”.

Акрамя гэтага запланавана правядзенне мастацкіх выстаў, канферэнцый.

А на вуліцах Мінска з’явяцца білборды з партрэтам пісьменніка.

Бацькоўская хата Караткевіча ў Оршы.
На гэтым паддашку ў Оршы Караткевіч напісаў першы варыянт "Дзікага палявання караля Стаха".
Хата дзядзькі пісьменніка ў Рагачове.

Кастусь Матушыч, "Наша Ніва"