Анжаліка Борыс і група актывістаў неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі зноў затрыманы міліцыяй

Лідэр неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) Анжаліка Борыс і восем актывістаў гэтай арганізацыі затрыманы міліцыяй 17 лютага.

Як паведаміла БелаПАН намеснік старшыні саюза Анжаліка Арэхва, гэта адбылося прыкладна апоўдні. Актывісты арганізацыі накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна (Мінская вобласць), каб падтрымаць кіраўніка Івянецкай арганізацыі СПБ Тэрэсу Собаль. Анжаліка Борыс і дзве актывісткі аб'яднання, якія яе суправаджалі, разам з вадзіцелем аўтамабіля былі затрыманы ў раёне Ліды (Гродзенская вобласць), астатнія пяць членаў СПБ — непадалёк ад Валожына. Месцазнаходжанне затрыманых пакуль невядома.

Гэта ўжо другое за апошнія тры дні масавае затрыманне актывістаў неафіцыйнага СПБ. 15 лютага ў розных гарадах Беларусі былі затрыманы прыблізна 40 актывістаў і кіраўнікоў арганізацыі. За правядзенне несанкцыянавага мітынгу ў Гродне 10 лютага Анжаліка Борыс была аштрафавана на 30 базавых велічынь (1 млн. 50 тыс. рублёў), Анджэй Пачобут, Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч — асуджаны на пяць сутак арышту. Сёння ў 14.30 у судзе Валожынскага раёна павінна пачацца папярэдняе пасяджэнне па грамадзянскай справе лідэра Івянецкай арганізацыі неафіцыйнага СПБ Тэрэсы Собаль. Яна абвінавачваецца ў захопе Дома польскага ў Івянцы. Іск у дачыненні да Собаль падаў старшыня афіцыйнага СПБ Станіслаў Сямашка. Абедзве арганізацыі прэтэндуюць на Дом польскі ў Івянцы. Раскол у СПБ адбыўся ў 2005 годзе. Частка арганізацыі афіцыйна зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Беларусі. Неафіцыйнае крыло СПБ на чале з Борыс падтрымліваюць польскія ўлады. 16 лютага прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім выказаў "сваю заклапочанасць і рашучы пратэст у сувязі з ростам рэпрэсій супраць Саюза палякаў на Беларусі". У той жа дзень вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы, віцэ-старшыня Еўракамісіі Кэтрын Эштан асудзіла дзеянні міліцыі ў дачыненні да Саюза палякаў і "спробы ўладаў навязаць польскай супольнасці новае кіраўніцтва". Яна заявіла, што сітуацыя вакол СПБ падрывае намаганні Еўрасаюза па наладжванні адносінаў з афіцыйным Мінскам.

Марат Гаравы, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение