З 6 красавіка беларускія грамадзяне могуць сутыкнуцца з праблемамі пры выездзе ў краіны Еўрасаюза

З 6 красавіка беларускія грамадзяне могуць сутыкнуцца з праблемамі пры выездзе ў краіны Еўрасаюза. Як паведаміў на брыфінгу 16 лютага начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Ігнатовіч, 5 красавіка набывае моц візавы кодэкс ЕС. Артыкул 12 гэтага дакумента прадугледжвае, што грамадзянін, які хадайнічае аб атрыманні візы, павінен падаць сапраўдны дакумент на паездку, які адпавядае тром крытэрыям. Па-першае, тэрмін дзеяння дакумента павінен заканчвацца не раней за тры месяцы пасля запланаванай даты выезду з тэрыторыі краіны — члена ЕС або — у выпадку шматразовых паездак — пасля апошняй запланаванай даты выезду з тэрыторыі краіны — члена ЕС. Ад гэтага абавязку можна адступаць толькі ў выпадку належным чынам абгрунтаванай неадкладнай неабходнасці, адзначыў Ігнатовіч. Па-другое, дакумент павінен утрымліваць як мінімум дзве чыстыя старонкі. Па-трэцяе, дакумент павінен быць выдадзены менш як дзесяць гадоў таму. Ігнатовіч заклікаў грамадзян, якія маюць намер пасля 5 красавіка выязджаць у краіны ЕС, загадзя абмяняць пашпарты.
Вячаслаў Будкевіч, "БелаПАН"