Саюз беларускіх пісьменнікаў патрабуе спыніць масавы пераслед сяброў арганізацыі

Саюз беларускіх пісменьнікаў выступіў з заявай аб пераследзе сяброў сваёй творчай арганізацыі. Заява была прынята 3 лютага Радай СБП аднагалосна.

У апошнія дні практычна ўсе сябры СБП, якія працуюць у дзяржаўных бюджэтных установах, былі выкліканыя да кіраўніцтва, дзе ім было прапанавана напісаць заяву аб выхадзе з Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Старшыня СБП Алесь Пашкевіч называе гэты ціск беспрэцэдэнтным, які можа прывесці да ліквідацыі пісьменніцкай арганізацыі. - Падобнага ціску, падобнага прэсінгу творцы Беларусі не могуць успомніць, згадвуючы гісторыю са сталінскіх часоў, і на сёння Саюз беларускіх пісьменнікаў, арганізацыя, заснаваная Купалам і Коласам і іншымі сотнямі таленавітых нацыянальных творцаў, пад пагрозай самаліквідацыі, чаго не было нават у час фашысцкай акупацыі Беларусі.

Алесь Пашкевіч кажа, што гэта не значыць, што арганізацыя перастане існаваць, бо, па-першае, Саюз беларускіх пісьменнікаў зарэгістраваны ў Літве, а па-другое, сябры СБП з'яўляюцца таксама сябрамі міжнародных літаратурных арганізацый.

- Калі наш крык, наш боль не будзе пачуты кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, нам нічога не застаецца, каб вывесці з пад псіхалагічнага ціску сваіх сяброў, - прыпыніць дзейнасць Саюза беларускіх пісьменнікаў і гэткім чынам пазбавіць магчымасці ўплыву і кантролю над сваімі сябрамі. Рада СБП патрабуе неадкладна спыніць пераслед пісьменнікаў і даць належную ацэнку дэструктыўнай дзейнасці кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Мікалаем Чаргінцом, якая наносіць непапраўную шкоду развіццю сучаснага літаратурна-грамадскага працэсу і нацыянальнай культуры ў цэлым.

"Радыё Рацыя"

 

Поўны тэкст заявы чытайце тут.