МВФ: Набліжэнне выбараў у Беларусі ўзмацняе рызыку аслаблення эканамічнай палітыкі з боку ўлад

Набліжэнне выбараў у Беларусі ўзмацняе рызыку аслаблення эканамічнай палітыкі з боку ўлад. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Міжнароднага валютнага фонду, які апублікаваны па выніках трэцяга агляду выканання беларускім урадам праграмы stand-by. Агляд праводзіўся ў лістападзе 2009 года.

У дакладзе МВФ падкрэсліваецца, што ўлады Беларусі заяўляюць пра намер працягваць абгрунтаваную макраэканамічную палітыку ў 2010 годзе. "Апынуўшыся перад выбарам паміж "мэтавым сцэнарыем" развіцця эканомікі, які б не адпавядаў абавязацельствам па праграме (ці эканамічным рэаліям), і працягам у 2010 годзе рашучых, але цяжкіх мер палітыкі ўлады абралі апошняе. Яны не адмовіліся ад мэтавага сцэнарыя, але маюць намер разглядаць яго ў якасці "матываў" і засноўваць меры палітыкі на рэалістычных планах і ўзгодненых задачах праграмы", — сцвярджаецца ў дакуменце МВФ. Аднак, працягваюць эксперты фонду, рызыка таго, што ўлады могуць схіліцца ў бок "мэтавага сцэнарыя", захоўваецца. "Па меры таго, як набліжаецца завяршэнне праграмы, пры паслабленні знешніх абмежаванняў з'яўляецца рызыка таго, што ўлады аслабяць палітыку занадта моцна ці занадта хутка. Надыход выбараў будзе ўзмацняць гэту рызыку. Больш за тое, папярэдні год паказаў уразлівасць эканомікі ў выпадку зніжэння попыту на экспартныя тавары, парушэнняў на рынку замежнай  валюты і недахопу афіцыйнага фінансавання. Паступовае спыненне субсідавання імпарту нафты і газу толькі ўзмоцніць цяжкасці, якія стаяць перад уладамі", — гаворыцца ў дакладзе. Паводле меркавання МВФ, у цэлым Беларусь пачынае выходзіць з крызісу. Скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці нязначнае ў параўнанні з суседнімі краінамі, інфляцыя знізілася, валютны рынак стабілізаваўся, працягваецца працэс зніжэння ступені даларызацыі. У той жа час эканоміка застаецца ўразлівай да знешніх шокаў. Дэфіцыт ліку бягучых аперацый застаецца значным, а ўзровень рэзерваў нізкім, нягледзячы на значную падтрымку, у тым ліку з боку МВФ. Разам з тым эксперты фонду зрабілі вывад, што макраэканамічная стабільнасць у Беларусі застаецца нетрывалай і мае патрэбу ва ўмацаванні моцнымі і паслядоўнымі мерамі. Як паведамлялася раней, першапачаткова ўрад Беларусі падрыхтаваў два варыянты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, базавы і мэтавы. Першы прадугледжваў рост ВУП на 2—3%, другі — 11—12%. Аднак Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволены прагнознымі дакументамі. У выніку 7 снежня прэзідэнт зацвердзіў прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, які прадугледжвае рост ВУП на 11—13%. У 2009 годзе рост ВУП у Беларусі планаваўся на 10—12%, аднак рэальны паказчык склаў 0,2%.

Аляксей Арэшка, "БелаПАН"