Эксперты прадставяць кіраўніцтву Еўракамісіі даклад аб магчымасці заключэння з Беларуссю пагадненняў аб рэадмісіі і спрашчэння візавых фармальнасцяў

Па выніках візіту ў Мінск 27—28 студзеня эксперты Еўрапейскай камісіі падрыхтуюць і прадставяць кіраўніцтву ЕК даклад аб магчымасці заключэння з Беларуссю пагадненняў аб рэадмісіі і спрашчэнні візавых фармальнасцяў. У складзе дэлегацыі, якую ўзначальваў начальнік аддзела па міжнародных аспектах міграцыі і візавай палітыцы генеральнага дырэктарата па пытаннях правасуддзя, свабоды і бяспекі Жан дэ Сёсцер, у Мінску працавалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Польшчы і Італіі. Паводле слоў суразмоўцы агенцтва, 28 студзеня ў МУС эксперты Еўракамісіі вывучалі міграцыйную сітуацыю ў краіне, дакументы, на падставе якіх грамадзяне Беларусі выязджаюць у краіны Еўрапейскага саюза, ступень іх абароненасці і бяспеку сістэмы выдачы. 27 студзеня ў МЗС абмяркоўвалася перспектыва спрашчэння візавага рэжыму для беларускіх грамадзян, якія ўязджаюць на тэрыторыю ЕС. "Адбыўся зацікаўлены абмен думкамі па магчымым спрашчэнні ўмоў узаемных паездак грамадзян і зніжэнні кошту віз шляхам дасягнення адпаведных пагадненняў у фармаце Беларусь — ЕС", — гаворыцца ў распаўсюджаным 28 студзеня паведамленні прэс-службы беларускага знешнепалітычнага ведамства. Як БелаПАН паведамляў раней, падпісанне пагаднення аб рэадмісіі вызначыць парадак вяртання, прыёму і перадачы грамадзян еўрапейскіх дзяржаў, якія нелегальна знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, і наадварот — грамадзян Беларусі, якія незаконна знаходзяцца ў краінах Еўрасаюза. Заключэнне гэтага пагаднення ў фармаце Беларусь — Еўрапейскі саюз з`яўляецца неабходнай умовай для спрашчэння візавых фармальнасцяў для грамадзян Беларусі пры ўездзе на тэрыторыю ЕС. На сённяшні дзень кошт аднаразовай шэнгенскай візы для беларускіх грамадзян складае 60 еўра, у той жа час для расійскіх і ўкраінскіх грамадзян — 35 еўра.

Вячаслаў Будкевіч, "БелаПАН"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение