Памёр апошні беларускі ўдзельнік гістарычнай сустрэчы на Эльбе + фота

26 студзеня 2010 г. пайшоў з жыцця адзін з апошніх удзельнікаў гістарычнай сустрэчы на Эльбе 87-гадовы Аляксандр Сільвашка. Гэта ён у далёкім 1945-м паціснуў руку амерыканскаму лейтэнанту Уільяму Робертсану ў часе кароткай і хвалюючай сустрэчы савецкіх і амерыканскіх войскаў.

Аляксандр Сільвашка паціскае руку Уільяму Робертсану. фота "Life".
Адзін з апошніх здымкаў Аляксандра Сафронавіча. Фота Сяргея Панамарова.

Дакументальныя кадры гістарычнага вітання двух лейтэнантаў, зробленыя карэспандэнтам амерыканскага часопіса "Life", сталі сусветнай класікай дакументалістыкі часоў Другой сусветнай. У 2005 годзе Аляксандр Сафронавіч прыняў удзел ва ўрачыстасцях у гонар 60-годдзя гістарычнай сустрэчы саюзнікаў. У прысутнасці 10 тысяч гледачоў былі рэканструяваныя падзеі красавіка 1945 года. Ураджэнец Клеччыны і ганаровы грамадзянін горада Торгаў быў адным з нешматлікіх жывых сведак тых падзеяў. Ягоны амерыканскі калега па Эльбе Уільям Робертсан памёр у 1999 годзе. У 2005 г. Аляксандр Сільвашка яшчэ раз стаў героем многіх рэпартажаў сусветных СМІ.

Рэшту жыцця ветэран пражыў у вёсцы Морач Клецкага раёну. Горад Торгаў выплачваў яму грашовую дапамогу. Штогод Аляксандра Сафронавіча запрашалі ў Германію на традыцыйныя красавіцкія сустрэчы на Эльбе. Летась чарговая паездка апынулася пад пагрозай: медыкі прызналі стан яго здароўя здавальняючым і не рэкамендавалі ехаць у Нямеччыну. Беларускае Міністэрства абароны нібыта даслала адпаведны ліст у нямецкую амбасаду, паведамляла ў сакавіку 2009 года Радыё Свабода. У Морач выехалі журналісты, каб разабрацца на месцы, але былі затрыманыя ў Клецку. Адзнятыя відэаматэрыялы гутаркі з ветэранам былі канфіскаваныя, паведамляе блог Сяргея Панамарова.

Развітанне з Аляксандрам Сафронавічам прайшло ў вёсцы Колкі, што па суседству з Мораччу. Ён будзе пахаваны ў Мінску побач з жонкай.

"Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение