Пётр Міклашэвіч: Для ўвядзення ў Беларусі мараторыя на смяротную кару няма канстытуцыйна-прававых перашкодаў

У пытанні ўвядзення мараторыя на смяротную кару адсутнічаюць канстытуцыйна-прававыя перашкоды. Пра гэта 26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.

Разам з тым, зазначыў ён, такія перашкоды ўзнікнуць, калі Беларусь прыме рашэнне аб адмене смяротнай кары.

Міклашэвіч нагадаў, што ў 2004 годзе Канстытуцыйны суд даў заключэнне аб неабходнасці правядзення рэферэндуму для адмены смяротнай кары. "Калі ў Беларусі будзе ўзнята пытанне адмены смяротнай кары, то, магчыма, нам зноў давядзецца выказваць сваё меркаванне па ўліку канстытуцыйна-прававых аспектаў пры прыняцці гэтага рашэння", — сказаў старшыня Канстытуцыйнага суда. Міклашэвіч таксама зазначыў, што праблема смяротнай кары з'яўляецца шматаспектнай. Паводле яго слоў, да сацыяльнага, маральнага і прававога аспектаў апошнім часам дабавіўся і палітычны. Нагадаем, Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой дагэтуль прымяняецца смяротная кара. У чэрвені 2009 года Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю аб вяртанні Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў асамблеі пры ўмове ўвядзення ў рэспубліцы мараторыя на смяротную кару. Да ўвядзення мараторыя таксама заклікае Еўрасаюз. Гэта адна з умоў адмены візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія ЕС прадоўжыў да кастрычніка 2010 года.

Сяргей Каралевіч, "БелаПАН"