Агучаны вынікі апошняга перапісу насельніцтва

За апошнія дзесяць гадоў колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася на 556 тыс. (на 5,5%). Паводле стану на 14 кастрычніка 2009 года гэты паказчык склаў 9 млн. 489 тыс. чалавек.

Такія папярэднія звесткі апошняга перапісу насельніцтва агучыў на брыфінгу ў Мінску 21 студзеня старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Уладзімір Зіноўскі.

Перапіс, нагадаем, праходзіў 14—24 кастрычніка 2009 года.

"Звесткі аб колькасці насельніцтва атрыманыя на аснове інфармацыі перапісчыкаў аб колькасці запоўненых перапісных лістоў. Яны будуць нязначна ўдакладненыя падчас далейшай апрацоўкі за кошт забеспячэння правільнасці ўліку грамадзян толькі па адным месцы жыхарства, а таксама асоб, якія часова адсутнічаюць", — сказаў Зіноўскі.

Паводле яго слоў, з моманту папярэдняга перапісу, які праходзіў у 1999 годзе, колькасць насельніцтва зменшылася ва ўсіх абласцях краіны, апрача Мінска. Так, у Віцебскай вобласці гэты паказчык скараціўся на 146 тыс. чалавек (на 10,6%), Мінскай — на 137 тыс. (8,8%), Магілёўскай — на 119 тыс. (9,8%), Гродзенскай — на 113 тыс. (9,5%), Гомельскай — на 105 тыс. (6,8%), Брэсцкай — на 84 тыс. (5,7%). У Мінску колькасць насельніцтва ўзрасла на 148 тыс. чалавек (на 8,8%). Зіноўскі таксама паведаміў, што за 10 гадоў у Беларусі стала на восем гарадоў больш, а пасёлкаў гарадскога тыпу — на 14 менш.

Гарадское насельніцтва павялічылася з 6 млн. 961 тыс. да 7 млн. 52 тыс. чалавек, яго доля ўзрасла з 69% да 74%. У Магілёўскай вобласці доля гарадскога насельніцтва, паводле папярэдніх звестак перапісу, складае 76%, у Мінскай — 55%, Гродзенскай — 69%, Гомельскай і Віцебскай — па 73%, Брэсцкай — 66%.

У Беларусі налічваецца 13 гарадоў з насельніцтвам больш як 100 тысяч чалавек — гэта Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр і Салігорск.

Сельскае насельніцтва за апошнія 10 гадоў скарацілася на 647 тыс. чалавек (на 21%) і склала 2 млн. 437 тыс. У большай ступені скарачэнне закранула Магілёўскую вобласць (на 26,6%), Віцебскую (на 26,4%) і Гродзенскую (на 25,2%).

Доля мужчынскага насельніцтва складае 46,6% (4 млн. 423 тыс. чалавек), жанчын — 53,4% (5 млн. 66 тыс.). У гарадах доля мужчын склала 46,4%, жанчын — 53,6%, у сельскіх населеных пунктах — адпаведна 47,2% і 52,8%.

У параўнанні з 1999 годам колькасць мужчын у Беларусі скарацілася на 6,2%, жанчын — на 4,9%. На 14 кастрычніка 2009 года на 1.000 мужчын прыпадала 1.145 жанчын.

Поўныя звесткі перапісу насельніцтва павінны быць апублікаваныя да 1 чэрвеня 2011 года, паведаміў кіраўнік Белстата.

Марына Носава, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение