Партыя БНФ фарміруе ініцыятыўную групу па правядзенні рэферендуму супраць павышэння ўвазных пошлін на аўтамабілі

Партыя БНФ пачала фарміраванне ініцыятыўнай групы па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму супраць павышэння ўвазных пошлін на легкавыя аўтамабілі. Пра гэта было заяўлена 16 студзеня ў Мінску на пасяджэнні сойму партыі.

Як паведаміў намеснік старшыні партыі Ігар Лялькоў, у ініцыятыўную групу павінна ўвайсці як мінімум тысяча чалавек. Ён падкрэсліў, што гэта павінны быць "не ангажаваныя асобы, а тыя, каго непасрэдна закранае дадзеная праблема". Папярэдняя дата правядзення сходу ініцыятыўнай групы — 28 лютага. Упершыню ініцыятыва правядзення рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні павышэння мытнай пошліны на аўтамабілі была агучана Партыяй БНФ у снежні мінулага года.

У кіраўніцтве партыі мяркуюць, што пагадненне аб стварэнні Мытнага саюза, падпісанае 27 лістапада ў Мінску кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расіі, "ігнаруе інтарэсы значнай часткі грамадзян Беларусі, для якіх уступленне ў сілу падпісаных дакументаў можа пацягнуць пагаршэнне асабістага матэрыяльнага дабрабыту ў сувязі са значным павышэннем мытных тарыфаў і, адпаведна, цэн на важныя катэгорыі тавараў, у прыватнасці на легкавыя аўтамабілі".

У Партыі БНФ таксама ўпэўнены, што стварэнне Мытнага саюза ігнаруе інтарэсы беларускага малога і сярэдняга бізнесу. Фарміраванне ініцыятыўнай групы па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму плануецца завяршыць да 1 сакавіка. Прадугледжваецца, што ў групу ўвойдуць у тым ліку прадстаўнікі Партыі БНФ, якія будуць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў. Варта зазначыць, што аўтамабілі з'яўляюцца адной з асноўных таварных пазіцый, па якой для Беларусі адбылося найбольш значнае павышэнне пошлін у межах Мытнага саюза. Пакуль павышэнне закранула юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў: з новага года пошліны даведзены да ўзроўню расійскіх. На некаторыя імпартныя аўтамабілі стаўкі пошлін павялічыліся ў 10 разоў. Для фізічных асоб у межах Мытнага саюза новыя правілы ўвозу аўтамабіляў пакуль не вызначаны. 14 студзеня кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі паведаміў журналістам, што дзейныя правілы ўвозу аўтамабіляў фізічнымі асобамі застануцца ранейшымі да ліпеня. З 1 ліпеня 2010 года, калі ў поўным аб'ёме запрацуе Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі, пошліны на ўвоз транспартных сродкаў фізасобамі ўзрастуць.

Сяргей Каралевіч, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение