Мікола Аўрамчык святкуе 90-годдзе

14 студзеня 90 год спаўняецца беларускаму паэту і перакладчыку Міколе Аўрамчыку. Ён нарадзіўся 14-га студзеня 1920 г. у вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

14 студзеня 90 год спаўняецца беларускаму паэту і перакладчыку Міколе Аўрамчыку.

Ён нарадзіўся 14-га студзеня 1920 г. у вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1938 г. паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты "Піянер Беларусі". У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах, трапіў у палон. Быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 быў вызвалены ангельцамі.

Пасля вайны скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1949), працаваў у рэдакцыях газет "Чырвоная змена", "Літаратура і мастацтва", у часопісах "Полымя" і  "Маладосць".

Аўтар кніг паэзіі "Пярэдні край" (1949), "Шляхамі дружбы" (1952), "Ключы жураўліныя"(1960), "Сустрэча былых канагонаў" (1963), "Універсітэцкі гарадок" (1967), "Агледзіны" (1969), "Як на далоні" (1970), "Дрэва дружбы" (1973), "Вадовішча" (1976), рамана "У падзямеллі" (1986), "Анкета: Выбранае" (1990). Выдаў зборнік вершаў для дзяцей "Дружба" (1950), кнігу "Выбранае" (1976) і Выбраныя творы ў 2 тамах (1980).

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, І.Франка, М.Джаліля, Г.Эміна, зборнікі вершаў С.Міхалкова "А што ў вас?" (1950), В.Бычко "Тры сястры" (1953), паэму М.Нагнібеды "Васілёк" (1961) і інш.

У 2004 выйшла кніга "Знаёмыя постаці", прысьвечаная беларускім дзеячам.

Узнагароджаны ордэнамі "Знак Пашаны", Айчыннай вайны другой ступені і медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы за зборнік "Сустрэча былых канагонаў".

Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" далучаецца да віншаванняў.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Фота bobruisk.org