З 1 ліпеня мыта на ўвоз аўтамабіляў фізасобамі ўзрастуць да ўзроўню расійскіх

Правілы ўвозу аўтамабіляў фізічнымі асобамі застануцца ранейшымі да 1 ліпеня. Адпаведнае рашэнне ўжо прынята, паведаміў журналістам 14 студзеня ў Мінску старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Аляксандр Шпілеўскі.

1 ліпеня 2010 года, калі ў поўным аб'ёме запрацуе Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі, пошліны на ўвоз транспартных сродкаў фізасобамі ўзрастуць да ўзроўню расійскіх, дадаў кіраўнік ДМК. Зараз, паводле яго слоў, эксперты трох краін распрацоўваюць дакументы аб норме ўвозу тавараў фізічнымі асобамі. "Думаю, будзе сярэдні арыенцір", — сказаў Шпілеўскі. Нагадаем, новыя правілы ўвозу транспартных сродкаў у Беларусь юрыдычнымі асобамі набылі моц 1 студзеня 2010 года. У сувязі з уваходжаннем у сілу адзінага мытнага тарыфу Мытнага саюза на беларускім аўтамабільным рынку склалася няпростая сітуацыя. З-за супярэчнасцей у заканадаўстве многія дылеры і імпарцёры фактычна прыпынілі сваю дзейнасць у першыя дні новага года.

"БелаПАН"