Сяргей Каваленка выпушчаны з СІЗА

Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка ўвечары 12 студзеня выпушчаны са следчага ізалятара.

Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка ўвечары 12 студзеня выпушчаны са следчага ізалятара.

"Увечары да яго ў СІЗА прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і прынеслі нейкія паперы, — паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец. — Што за паперы, сказаць пакуль цяжка: Каваленка іх падпісаў, не ўчытваючыся ў змест. Але амаль напэўна размова ідзе пра вызваленне пад падпіску аб нявыездзе. Пасля гэтага актывіст быў вызвалены". 34-гадовы Сяргей Каваленка быў затрыманы 7 студзеня на плошчы Перамогі ў Віцебску каля 35-метровай навагодняй ёлкі, на вершаліне якой быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня ён быў памешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго распачата справа па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства, учыненае паўторна, або групай асоб, або звязанае з супраціўленнем асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, або спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі. 11 студзеня ў Віцебску быў створаны грамадскі камітэт салідарнасці з Сяргеем Каваленкам. 16 студзеня актывісты камітэта мелі намер сабрацца каля СІЗА, каб павіншаваць Каваленку з 35-годдзем. Аб затрыманні Каваленкі і распачынанні крымінальнай справы былі праінфармаваныя міжнародныя структуры.
Сяргей Пульша, "БелаПАН"