На малы памежны рух прыйдзецца пачакаць

Дамова аб малым памежным руху не ўвойдзе ў жыццё як чакалася ў першай палове 2010 года -  перакананы дэпутат польскага сойму ад Падляшша Яраслаў Матвеюк.

Так вынікае з адказу на чарговы, ужо сёмы дэпутацкі запыт, які Яраслаў Матвеюк атрымаў ад міністра замежных спраў Польшчы.

Паводле падлікаў дэпутата, нават калі міністры замежных спраў Польшчы і Беларусі падпішуць дамову ў студзені, то дамова ўвойдзе ў жыццё ў другой палове 2010 года.

- Ратыфікацыйная працэдура ў Сойме цягнецца 2-3 месяцы. Потым яе рэтыфікаванне прэзідэнтам Рэспублікі Польшча, потым публікацыя  і "уваход у жыццё" праз 14 дзён пасля публікацыі. Гэта ўсё ўказвае на тое, што  пры самым добрым раскладзе дамова "увойдзе у жыццё"  ў другой палове года. А любое яе замаруджванне - перасуне яе на канец 2010 года.Яраслаў Матвеюк адзначае,  што марудныя тэмпы працы над дамовай аб малым памежным руху яму незразумелыя.

- Аднак, - адзначае дэпутат, - дыпламатычныя службы і Польшчы і Беларусі павінны перш за ўсё прыняць пад развагу патрэбы памежнага рэгіёну,  які чакае фіналу дамовы,  як штуршка для эканамічнага ажыўлення рэгіёну, а гэта толькі на польскім баку датычыць 800 тысяч людзей, якія жывуць у 30 кіламетравай зоне ад  беларускай мяжы.

 

"Радыё Рацыя"