"Белнафтахім" абверг інфармацыю аб спыненні паставак нафты з Расіі на беларускія НПЗ

Канцэрн "Белнафтахім" абверг размешчаныя ў шэрагу СМІ паведамленні аб спыненні паставак расійскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ).
 "Нафта з Расіі паступае, прадпрыемствы працуюць у звычайным рэжыме", — заявіла БелаПАН прэс-сакратар канцэрна Марына Касцючэнка.

Тым часам у наваполацкім ААТ "Нафтан" і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе сітуацыю з пастаўкамі сыравіны з Расіі каментаваць адмовіліся. Як паведамлялася раней, Беларусь і Расія так і не змаглі падпісаць пагадненне аб умовах пастаўкі нафты ў запланаваны тэрмін, 30—31 снежня. Расія аб`явіла аб рашэнні пастаўляць нафту ў Беларусь з 1 студзеня 2010 года, уключаючы ў цану 100% стандартнай экспартнай пошліны. У 2009 годзе ў цану ўваходзіла спецпошліна ў памеры 35,6% стандартнай экспартнай пошліны. У адказ урад Беларусі заявіў аб беспрэцэдэнтным ціску з боку Расіі на перамовах аб пастаўках нафты. Пры гэтым абодва бакі пацвердзілі гатоўнасць працягваць перамовы. Перамовы аднавіліся 2 студзеня — гэта пацвердзіла 3 студзеня памочнік міністра энергетыкі РФ Ірына Есіпава. "Транспарціроўка ажыццяўляецца ў поўным аб`ёме, перамоўны працэс працягваецца", — сказала яна журналістам, адмовіўшыся паведаміць дэталі. У той жа дзень віцэ-прэзідэнт кампаніі "Транснефць" Міхаіл Баркоў заявіў, што Расія ні пры якіх абставінах не скароціць аб`ём транзіту нафты праз Беларусь. Што да паставак нафты беларускаму боку, то тут усё залежыць ад пазіцыі Мінска, дадаў ён.

Марына Носава, "БелаПАН"