Андрэй Кабякоў: Пытанні грашова-крэдытнай палітыкі Нацбанк павінен звяраць з Цэнтрабанкам Расіі

"Пытанні грашова-крэдытнай палітыкі мы павінны звяраць з Расійскай Федэрацыяй — нашым асноўным знешнегандлёвым партнёрам", — заявіў намеснік кіраўніка беларускага ўрада Андрэй Кабякоў 29 снежня на пасяджэнні Савета міністраў.

Віцэ-прэм'ер нагадаў, што з красавіка 2009 года Цэнтрабанк Расіі ажыццяўляў паступовае зніжэнне стаўкі рэфінансавання. На сёння стаўка зніжана да 8,75% (з 13%).

"Нацбанку трэба ўвязваць свае дзеянні з крэдытна-грашовай палітыкай, якая праводзіцца Цэнтрабанкам Расіі", — лічыць Кабякоў. Гэта, паводле яго слоў, "стане сур'ёзнай падмогай прамысловаму сектару эканомікі ў дасягненні прагнозных параметраў развіцця на 2010 год і забеспячэння зададзеных аб'ёмаў экспарту беларускай прадукцыі".

Закранаючы пытанне крэдытавання рэальнага сектара эканомікі, Кабякоў падкрэсліў, што высокія тэмпы прамысловай вытворчасці патрабуюць наяўнасці адпаведных крэдытных рэсурсаў. Разам з тым, дадаў ён, "важны не толькі валавы аб'ём, але і кошт пазыковых сродкаў, які ўплывае на цану прадукцыі і яе канкурэнтаздольнасць".

У сваю чаргу, кіраўнік Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч падкрэсліў, што кошт крэдытных рэсурсаў залежыць ад агульнага стану эканомікі. "Галоўнае не толькі выдаць танныя рэсурсы, але і прыцягнуць", — канстатаваў ён.

Паводле слоў Пракаповіча, сёння банкі прыцягваюць дарагія рэсурсы. У прыватнасці, стаўкі па дэпазітах для насельніцтва даходзяць да 23—25%.

Паводле меркавання Нацбанка, для пачатку неабходна правесці паступовую працу па зніжэнні кошту дэпазітаў, у прыватнасці, для насельніцтва і прадпрыемстваў. "І, грунтуючыся на гэтым, праводзіць працу па зніжэнні ставак па крэдытах для эканомікі", — падкрэсліў ён.   Паводле слоў Пракаповіча, для зніжэння кошту крэдытных рэсурсаў у 2010 годзе неабходна выйсці на запланаваны ўзровень інфляцыі ў 10%. "Калі ў студзені і лютым сфарміруецца высокі ўзровень інфляцыі, гэта не дазволіць хутка зніжаць працэнтныя стаўкі", — сказаў ён.

Яшчэ адным фактарам, які ўплывае на кошт пазыковых сродкаў, з'яўляецца знешнегандлёвае сальда. Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, трэба актывізаваць працу па выхадзе за некалькі гадоў на станоўчае сальда знешняга гандлю.

Кажучы пра аб'ёмы крэдытаў, Пракаповіч нагадаў, што ў наступным годзе, у адпаведнасці з планамі, крэдытаванне эканомікі неабходна павялічыць у 1,4 разу. Банкаўская сістэма, адзначыў ён, забяспечана для гэтага неабходнымі рэсурсамі.

Разам з тым, дадаў кіраўнік Нацбанка, "павінна быць патрэба ў гэтых рэсурсах". Пакуль жа, паводле слоў Пракаповіча, такая патрэба, асабліва ў крэдытаванні эфектыўных інвестыцыйных праектаў, "нязначная, і не адказвае патрэбам для выканання прагнозных паказчыкаў".

Андрэй Кажамякін, "БелаПАН"