Аляксандр Лукашэнка: Мы хочам, каб наш старэйшы брат, расіянін, ставіўся да нас як да малодшага брата

"Мы хочам, каб наш старэйшы брат, расіянін, ставіўся да нас як да малодшага брата. Недзе падакараў, але ніколі не кідаў, ніколі не крыўдзіў, не нахіляў і не папракаў, што мы ў Расіі гіра на нагах", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 снежня падчас сустрэчы ў Мінску з дэлегацыяй Прыволжскай федэральнай акругі Расійскай Федэрацыі.

"Мы гатовы пакласці ў скарбонку нашых адносінаў столькі, каб было выгадна найперш рускаму чалавеку, а нам гэта будзе выгадна тым больш", — заявіў Лукашэнка, словы якога прыводзіць прэс-служба прэзідэнта. "Што азначае сёння блакіраваць беларускую прадукцыю на расійскім рынку? Гэта фактычна блакіраваць уласную прадукцыю, таму што МАЗ, МТЗ, БелАЗ — нашы гіганты — мы ж атрымліваем ад вас да 80% камплектуючых. Мы ж даем працу расійскім прадпрыемствам! Ну навошта гэта ламаць? Трэба, наадварот, удасканальваць наяўныя кааперацыйныя сувязі, каб утрымліваць рынак", — мяркуе беларускі кіраўнік. На яго думку, у расійскім інфармацыйным полі часта распаўсюджана скажоная інфармацыя аб сітуацыі ў Беларусі. "Улічваючы, што вас захлістваюць негатыўнай інфармацыяй, я хачу вас запэўніць у галоўным: у Беларусі ставяцца да вас як да сапраўдных братоў", — сказаў  Лукашэнка. Ён зазначыў, што на расійскае інфармацыйнае поле прасунуць інфармацыю аб жыцці Беларусі вельмі цяжка. Прыклад таму — нявырашанасць пытання з распаўсюджваннем у кабельных сетках Расіі спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь-ТВ". "Беларусь ніколі не паварочвалася ні ўлева, ні ўправа, ні ў бок Амерыкі, ні спінай да Расіі. Мы абсалютна не ствараем ніякіх праблем ні Расіі, ні Прыбалтыцы, ні Польшчы, ні Украіне, ні Еўрасаюзу, ні Амерыцы", — заявіў Лукашэнка. "Расія павінна разумець, што мы незалежная дзяржава (хаця большасць беларусаў былі супраць развалу Савецкага Саюза), — падкрэсліў ён. — Да прыкладу, Украіна ідзе нам насустрач. Яна гатова прадаваць нам электраэнергію, іншыя тавары. Мы ж туды прадаем сваю прадукцыю, ствараем сумесныя прадпрыемствы — гэта ж наш рынак, наш інтарэс. Дык што ў гэтым дрэннага? Давайце выкарыстоўваць добрыя адносіны Беларусі з Украінай на карысць у тым ліку Расіі". Лукашэнка заклікаў расійскі бок "не рэагаваць нервова на адносіны Беларусі з Еўрапейскім саюзам". "Усё прагматычна, усё вельмі проста. Мы проста дыверсіфікавалі тавараабарот, таму што нават з такой брацкай краінай было шмат праблем — і газавых, і малочных, і цукровых. І наша выратаванне было ў тым, што мы не былі завязаны ў гандлі на адным партнёры. Гэта ж класічны прынцып — чаго тут крыўдзіцца?.. Не трэба нас падазраваць, што мы залішне павярнуліся ад Расіі. Мы ніколі нікуды не паварочваліся і не павернемся. На адзін крок Расіі ў напрамку да Беларусі мы зробім насустрач Расіі дзесяць крокаў", — сказаў беларускі кіраўнік.

"Лукашэнка, у адрозненне ад кіраўніцтва Расіі, правёў у 1995 годзе рэферэндум па нашых адносінах з Расійскай Федэрацыяй, — зазначыў ён. — І тады пад 90% народа сказалі: быць саюзу Беларусі і Расіі. І наогул, адступленне ад палітыкі збліжэння з Расіяй — гэта палітычная смерць Лукашэнкі. Таму мы і далей будзем выбудоўваць нармальныя адносіны з усімі нашымі суседзямі. Падкрэсліваю, з усімі". Лукашэнка таксама заявіў: "Мы не будзем глуханямымі, калі нас пачынаюць залішне нахіляць, штурхаць, на шкоду нам працаваць. Мы на гэта будзем рэагаваць. Мы гэтага не заслужылі ад нашых найбліжэйшых братоў, калі на нас ажыццяўляецца націск, нас пачынаюць валакіціць. Тым больш, калі я пра гэта шчыра і адкрыта кажу".

Дзмітрый Уласаў, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение