Супярэчнасці па цане на газ для Беларусі ў 2010 годзе так і не вырашаны

Мінск патрабуе ад Масквы захаваць нізкую цану на газ у 2010 годзе, аднак "Газпром" пакуль не мае намеру ісці на ўступкі. Пра гэта выданню "КоммерсантЪ" паведаміла блізкая да перамоў крыніца ў расійскай кампаніі.

Як ужо паведамляў БелаПАН, рабочая сустрэча старшыні праўлення ААТ "Газпром" Аляксея Мілера і першага віцэ-прэм`ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі адбылася ў Маскве 2 снежня. Паводле інфармацыі прэс-службы "Газпрома", бакі абмеркавалі папярэднія вынікі працы ў 2009 годзе ў сферы паставак і транзіту газу, а таксама пытанні далейшага супрацоўніцтва. Падрабязнасці перамоў не паведамляюцца.

"Спадар Сямашка ўжо не раз заяўляў пра неабходнасць захаваць нізкія цэны на газ для Беларусі і падкрэсліваў, што ўрад Расіі адкладвае ўвядзенне роўнадаходных цэн на ўнутраным рынку (павінна было адбыцца ў 2011 годзе), а Мінск і Масква з`яўляюцца састаўнымі часткамі саюзнай дзяржавы. Неафіцыйна ў "Газпроме" патлумачылі, што супярэчнасці ўчора зняць не ўдалося", — піша сёння "КоммерсантЪ".

"Мы разумеем, што беларускі ўрад хоча падтрымаць эканоміку сваёй краіны за кошт захавання невысокіх цэн на газ, таму яны спрабуюць лабіраваць паніжальныя каэфіцыенты і на наступны год, — прыводзіць "Ъ" словы крыніцы. — Сярэдняя цана 2009 года для Беларусі складае $146 за тысячу кубаметраў, на 2010 год — $164 па формуле цаны. Нязначны рост на 16% мы лічым прымальным. І наша пазіцыя па дадзеным пытанні нязменная".

Паводле слоў прадстаўніка "Газпрома", яшчэ адным спрэчным момантам з`яўляюцца цэны на газ у самой Беларусі. "Справа ў тым, што ўлады краіны дазваляюць "Белтрансгазу", які прадае газ "Газпрома" ў Беларусі, устанаўліваць сярэднегадавую нацэнку не больш за $10—12 за тысячу кубаметраў, — заўважыў ён. — "Газпром" жа хоча павялічыць даходнасць "Белтрансгаза", які павінен у 2010 годзе атрымаць 50%, і ўстанаўліваць нацэнку паквартальна".

Паводле меркавання шэрагу экспертаў, ва ўмовах сур`ёзных іміджавых страт ад газавай вайны з Украінай і для захавання транзіту "Газпром" пойдзе на некаторыя саступкі Мінску. "Адтэрміноўка пераходу Расіі на роўнадаходныя цэны дае Мінску права дабівацца таго ж для Беларусі, — цытуе "Ъ" эксперта маскоўскай інвестыцыйнай кампаніі "Тройка Дыялог" Валерыя Несцерава. — І з-за асаблівасцяў гэтага года, калі падаючыя даходы "Газпрома" ад экспарту складуць $25 млрд., манаполіі давядзецца прыкласці намаганні для захавання свайго іміджу стабільнага пастаўшчыка і заплаціць за адсутнасць праблем з транзітам", — лічыць аналітык.

Намеснік міністра энергетыкі Расіі Анатоль Яноўскі паведаміў "Ъ", што рыхтуецца праграма доўгатэрміновага супрацоўніцтва Расіі і Беларусі па паліўна-энергетычным комплексе.

Дакумент дапрацаваны на 95% і павінен быць падпісаны ў бліжэйшыя два тыдні. Ключавое месца ў ім адведзена ўзаемаадносінам бакоў па газе і нафце. З боку Расіі за падрыхтоўку праграмы адказвае віцэ-прэм`ер Ігар Сечын, з боку Беларусі — Уладзімір Сямашка.