Лукашэнка: Мытнага саюзу баяцца няма чаго

У перагаворах па Мытнаму саюзу ўсе праблемныя пазіцыі, якія былі ў Беларусі, улічаны. Пра гэта паведаміў 1 снежня журналістам Аляксандр Лукашэнка. «Мытны саюз — гэта ўзаемныя ўступкі, узаемная падтрымка і вялікі рынак», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Баяцца тут няма чаго».

«З 1 ліпеня 2010 года павінна быць завершана стварэнне гэтай адзінай мытнай тэрыторыі, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. — І тады ўжо кантроль за імпартам будзе ажыццяўляць камісія, якую мы ствараем». «Імпартныя грошы — гэта грошы бюджэту. І таму мы вельмі ўважліва да гэтага пытання падыходзілі ў час перагавораў», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі, Казахстана і Расіі розныя эканомікі. «Мы, па вялікім рахунку, не такія ўжо і канкурэнты. Ну, дапусцім, калі ў нас ёсць МАЗ, то ў Расіі — КамАЗ. Гэта сведчыць аб тым, што мы павінны абараняць айчынную вытворчасць пошлінамі і г.д. У Казахстане гэтай вытворчасці няма, але яны далучыліся да нас.

У нас няма вытворчасці легкавых аўтамабіляў, а ў Расіі ёсць. Расія хацела б, каб гэты від вытворчасці быў абаронены.

Дапусцім, мы пайшлі насустрач расіянам, тады расіяне пойдуць насустрач нам па іншых пытаннях і г.д.», — сказаў ён.

Разам з тым, паводле яго слоў, пытанне пошлін на легкавыя аўтамабілі важнае для беларускай эканомікі, таму канчатковага рашэння па ім яшчэ не прынята. «Па фізічных асобах мы гэта пытанне пакуль пакінулі ўбаку. Мы гаворым аб юрыдычных асобах.

Легкавы транспарт — гэта, у прынцыпе, адзіная пазіцыя, якая сапраўды хвалюе людзей», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў: «Выбачайце, але калі мы сюды будзем завозіць менш патрыманага хламу, то, можа, нічога страшнага ў гэтым няма. Мы выйграем па іншых пазіцыях».

Мытны саюз ствараецца для людзей, «таму што МАЗу, БелАЗу, іншым прадпрыемствам будзе лягчэй працаваць без бар’ераў і ўсялякіх перашкод на гэтым вялізным рынку», падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што 30 лістапада ў час сустрэчы з італьянскім прэм’ерам Сільвіё Берлусконі таксама была закранута тэма Мытнага саюза. «Як толькі мы падпісалі дакументы Мытнага саюза, Берлусконі ўжо бачыць не 10—мільённую Беларусь, а вялізную эканамічную прастору, якая адкрываецца праз Беларусь», — сказаў кіраўнік дязржавы. «І куды яны хочуць прыйсці на гэтай прасторы? Менавіта ў Беларусь. Не ў Расію, не ў Казахстан, а сюды, у цэнтр Еўропы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы дамовіліся: калі ласка, вырабляйце, тут лепшыя ўмовы, чым у Італіі. Не такая цана рабочай сілы і г.д. І гандлюйце, дзе хочаце: і ў Еўрасаюзе, і на нашай мытнай прасторы. Мы ў гэтым плане выглядаем больш выгадна, чым Расія і Казахстан», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Такім чынам, Мытны саюз, які мы стварылі, крыху паляпшае сітуацыю ў параўнанні з сітуацыяй цяперашняй, — рэзюмаваў ён. — Але трэба разумець, што без Мытнага саюза не можа быць і Адзінай эканамічнай прасторы. А нас менавіта гэта больш за ўсё цікавіць.

І вось у Астане, калі мы сустрэнемся 18 снежня, мы вызначым: у якія тэрміны мы прыйдзем у АЭП».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры АЭП здымаюцца ўсе эканамічныя бар’еры, і, такім чынам, вырашаюцца ўсе пытанні для беларускага вытворцы. У тым ліку ўстараняецца глеба для гандлёвых войнаў, якія здараліся ў адносінах з Расіяй. «Такім чынам, ужо на базе рыначнай эканомікі, мы вяртаемся да вялікага рынку маштабу СССР», — сказаў беларускі лідэр.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб дамоўленасці, што ўсе тры краіны ўступаюць у СГА разам. «Мы пралічылі ўсе за і супраць. Па 600 важных пазіцыях рашэнні будуць прымацца кансэнсусам — мы гэта зарэзервавалі», — удакладніў ён.

«У нас была адкрытая размова па пытанню стварэння АЭП: каб гэта не было для нас доўгай перспектывай, каб гэта не зацягвалася. Лічу, у паўтара года мы можам укласціся», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛТА via "Наша Ніва"