Палата прадстаўнікоў адзінагалосна прыняла ў першым чытанні змяненні ў выбарчае заканадаўства

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў і аб прызнанні страціўшым сілу закона "Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў".

30 лістапада за гэты законапраект прагаласавалі ўсе 104 парламентарыі, якія бяруць удзел у пленарным пасяджэнні сесіі.

Законапраект змяняе парадак фарміравання выбарчых камісій. Замацавана ўключэнне ў іх склад адной траціны прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Выканкамы не маюць права ўключаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, а дзяржчыноўнікі могуць займаць не больш адной траціны іх складу.

Суб'екты, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, надзяляюцца правам прысутнічаць на пасяджэннях мясцовых выканаўчых камітэтаў і  прадстаўнічых органаў пры рашэнні імі пытанняў утварэння выбарчых камісій. Рашэнні такіх пасяджэнняў можна абскардзіць у судзе.

Спрашчаецца парадак вылучэння кандыдатаў, у тым ліку ад палітычных партый. Так, палітычная партыя можа  вылучаць кандыдата па любой выбарчай акрузе, незалежна ад існавання на яго тэрыторыі партыйных структур.

З заканадаўства выключана норма, якая прадпісвае завярэнне подпісаў, сабраных членамі ініцыятыўных груп,  у выканкаме. Зменшана колькасць падстаў для прызнання подпісаў несапраўднымі.

Спрашчаецца парадак правядзення перадвыбарных сустрэч з выбаршчыкамі ў выглядзе масавых сходаў, пікетаў. Кандыдаты маюць права праводзіць масавыя мерапрыемствы па перадвыбарнай агітацыі ў паведамляльным парадку ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, а таксама магчымасць ажыццяўляць сумесную агітацыю.

Пры датэрміновым галасаванні па выніках кожнага дня галасавання будзе складацца пратакол аб колькасці грамадзян, якія атрымалі выбарчыя бюлетэні.

Падчас правядзення мясцовых выбараў выключаецца парог яўкі выбаршчыкаў, неабходны для прызнання таго, што выбары ў мясцовыя саветы адбыліся.

Падчас правядзення парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў прадугледжана стварэнне індывідуальных фінансавых фондаў. Для кандыдатаў ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў іх максімальны памер складае 1 тысячу базавых велічынь, для кандыдата ў прэзідэнты  — 3 тысячы базавых велічынь.

Законапраект прадугледжвае ўключэнне ў Выбарчы кодэкс палажэнняў дэкрэтаў прэзідэнта аб членах ЦВК з правам дарадчага голасу і аб дэклараванні даходаў і маёмасці кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі і іх блізкіх сваякоў, а таксама норм закона "Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў".

Як заявіла кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына, законапраект "будзе садзейнічаць паляпшэнню беларускага заканадаўства". "Самае галоўнае тычыцца найперш узмацнення грамадскага кантролю, аблягчэння спосабаў вылучэння і ўдзелу ў выбарах для кандыдатаў і партый, а  таксама ўзмацнення нагрузкі на выбарчыя камісіі", — сказала Ярмошына.

На яе думку, змяненні ў выбарчым заканадаўстве таксама будуць садзейнічаць "умацаванню грамадскага даверу да выбараў".

Таццяна Каравянкова, Сяргей Каралевіч, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение