У Мар’інай Горцы забілі актывіста апазіцыі

26 лістапада ў шпіталі горада Мар’іна Горка (Мінская вобласць) памёр сябар Партыі БНФ Валянцін Доўнар. Яму яшчэ не было 50 гадоў.

"У мінулую пятніцу прыкладна а 22:00 вечара на Доўнара напалі на вуліцы невядомыя, — расказвае аднапартыец памерлага Алесь Васьковіч. —  Білі жалезнымі прутамі па галаве. Потым Валянціна даставілі ў рэанімацыю. Але не ўратавалі".

Валянцін Доўнар быў вядомы ў Мар’інай Горцы распаўсюднік незалежнай прэсы.

Кожную пятніцу ён прывозіў з Мінску свежыя нумары "Народнай волі", "Новага часу", разносіў іх падпісчыкам, астатнія нумары раздаваў.

"Чалавек бяскрыўдны як дзіця быў. Адзін жыў. Усе яго паважалі. Вазіў газеты да нас і ў снег, і ў дождж", — кажа А.Васьковіч.

Па факце забойства заведзеная крымінальная справа, але па ёй пакуль ніхто не арыштаваны.

Пахаванне Валянціна Доўнара адбудзецца ў суботу ў Мар’інай Горцы а 14:00.

Зміцер Панкавец, "Наша Ніва"