Мінюст Расіі абяцае ўрэгуляваць пытанне правільнага ўжывання афіцыйнай назвы Беларусі

На пасяджэнні аб'яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расіі, якое прайшло 26 лістапада ў Мінску, беларускі бок ініцыяваў разгляд пытання прававых аспектаў выкарыстання афіцыйнай назвы Рэспублікі Беларусь у актах дзяржаўных органаў Расійскай Федэрацыі.

Як зазначыла намеснік міністра юстыцыі Беларусі Ала Бадак, у прававых актах Расіі выкарыстоўваюцца розныя назвы краіны — "Белоруссия" і "Беларусь". Разам з тым, зазначыла яна, транслітарацыя афіцыйнай назвы краіны на замежныя мовы павінна рабіцца ў адпаведнасці з гучаннем. Міністр юстыцыі Расіі Аляксандр Канавалаў зазначыў, што ўзнятае пытанне "абсалютна не дыскусійнае". "Я прашу прабачэння за сваіх калег, якія выкарыстоўваюць няправільную назву краіны. Я выдам распараджэнне, каб пры праверцы ўсіх нарматыўных актаў правяралася адпаведнасць правільнаму напісанню Беларусі", — сказаў ён. Апрача таго, Канавалаў мае намер напісаць ліст у Адміністрацыю прэзідэнта РФ з растлумачэннем пытання аб правільным ужыванні афіцыйнай назвы Беларусі. На прэс-канферэнцыі паводле вынікаў калегіі міністр юстыцыі Расіі зазначыў: ён не можа гарантаваць, што ўсе расійскія СМІ будуць выкарыстоўваць толькі афіцыйную назву краіны. "Але тут размова не ідзе аб зневажальным стаўленні да Беларусі, — падкрэсліў Канавалаў. — Гэта гістарычная звычка. Яна дапушчальная ў размове, але такія памылкі катэгарычна не павінны з'яўляцца ў працы чыноўнікаў, у афіцыйных дакументах".

Нагадаем, тэма афіцыйнай назвы Беларусі закраналася і падчас інтэрв'ю Дзмітрыя Мядзведзева беларускім журналістам у Барвісе 23 лістапада. На прапанову далучыцца да рэкамендацый Маскоўскага інстытута рускай мовы і называць краіну Беларусь, а не "Белоруссия", Мядзведзеў адказаў, што якраз ён вымаўляе назву так, як гэта зафіксавана ў дакументах ААН. "Беларусь, і я настойваю менавіта на такім вымаўленні назвы нашай братняй дзяржавы, — гэта сапраўды самастойная дзяржава, суверэнная дзяржава, з усімі атрыбутамі самастойнай дзяржавы", — падкрэсліў расійскі лідэр. Аднак ён не стаў адмаўляць, што "ёсць асобныя выпадкі", калі прадстаўнікі расійскага істэблішменту называюць рэспубліку "Белоруссией".

Сяргей Каралевіч, "БелаПАН"