Асіпенка і Аўтуховіч вывучаюць, як “сталі тэрарыстамі”

Завершанае расьсьледаваньне справы супроць прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча і былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенкі, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту.

Сёньня ў Менскім сьледчым ізалятары абвінавачаныя ў падрыхтоўцы да тэракту Ўладзімер Асіпенка і Мікалай Аўтуховіч падпісалі пратакол аб заканчэньні сьледзтва і пачалі знаёміцца са справай, паводле якой яны нібыта рыхтавалі тэрарыстычны акт супроць высокапастаўленых чыноўнікаў.
Тамара Сідарэнка
Пра гэта “Свабодзе” паведаміла адвакат Тамара Сідарэнка, якая сёньня ў першай палове дня наведала Ўладзімера Асіпенку і падпісала разам зь ім дакумэнты аб заканчэньні сьледзтва. Вось як, паводле адваката, адрэагаваў на абвінавачаньне Ўладзімер Асіпенка:“Ён вельмі абураецца. Папросту кажучы, лічыць, што гэта ўсё лухта, што яму прыпісалі. Перадаваў падзяку грамадзтву за падтрымку, казаў, што гэта яму аблягчае знаходжаньне за кратамі гэтак доўга. Будзем чытаць справу і будзем ведаць, адкуль ногі растуць, чаму сьледзтва робіць такія высновы. Як мы лічым, да нас гэтыя высновы ня маюць дачыненьня”, — сказала Тамара Сідарэнка. Паводле зьвестак, Мікалай Аўтуховіч таксама з 26 лістапада пачаў азнаямленьне з матэрыяламі завершанай справы. У ёй каля 20 тамоў, на азнаямленьне можа пайсьці сама меней месяц, лічыць Тамара Сідарэнка. Дакладна адвакат ня ведае, хто яшчэ, акрамя Аўтуховіча і Асіпенкі, фігуруе ў справе ў якасьці абвінавачаных. “Магчыма, назьбіраецца чалавек 5”, — кажа адвакат Сідарэнка. Дачка Асіпенкі Людміла кажа, што дагэтуль не асабліва актыўна выказвалася адносна справы свайго таты, бо спадзявалася, што ў сьледчых “хопіць сумленьня”, а зараз яна гатовая да рашучых заяваў:
Людміла Асіпенка
Будзе што сказаць і зрабіць пэўныя заявы, бо гэтага мы ўсё ж не чакалі. Пасьля таго як яму выставілі гэты артыкул, мяркую, ужо няма чаго баяцца, і мы маўчаць ня будзем. Бо гэта ўжо сваволя. Калі яны гэтак сказалі, то ў іх павінны быць пэўныя доказы, а калі яны ілгуць з паказаньнямі... Мяркую, калі яны наважыліся на такое, то спадзяюцца на закрыты суд, інакш няма на што”. Нагадаем, жыхары Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка і Юры Лявонаў былі арыштаваныя 8 лютага паводле абвінавачаньня ў наўмысным пашкоджаньні маёмасьці мясцовых чыноўнікаў. У жніўні гэтае абвінавачаньне зьнялі з прадпрымальніка Юрыя Лявонава і вызвалілі яго з-пад варты. Улетку зьявіліся зьвесткі, што Мікалаю Аўтуховічу і Ўладзімеру Асіпенку рыхтуюць новае абвінавачаньне — у падрыхтоўцы тэракту супроць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Віктара Камянко. Цяпер гэтыя зьвесткі канчаткова пацьвердзіліся.Былы камандзір ракетнага дывізіёну ў Армэніі, падпалкоўнік у адстаўцы Уладзімер Асіпенка пасьля звальненьня з войска вярнуўся ў родную Беларусь. На пачатку 2000-х гадоў працаваў у падатковай інспэкцыі Ваўкавыску. Людміла Асіпенка ня ведае, якое дачыненьне яе бацька мае да Ўладзімера Саўчанкі і Віктара Камянко. Што да Мікалая Аўтуховіча, дачка Асіпенкі пацьвердзіла, што яе бацька быў знаёмы з прадпрымальнікам, якога ў Ваўкавыску ведалі ўсе. Людміла Асіпенка нагадала, што яе тата абараняў Аўтуховіча ад незаконных, як ён лічыў, прэтэнзій падатковай інспэкцыі Ваўкавыску, інфармаваў пра карупцыю ў гэтым ведамстве ў адмысловым адкрытым лісьце да кіраўніцтва. “Гэтая пазыцыя цяпер выйшла яму бокам”, — мяркуе Людміла Асіпенка. Паводле адвакатаў, Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка вінаватымі сябе не прызнаюць і тлумачаць перасьлед помстай за іх барацьбу з карупцыяй у Ваўкавыску і Гарадзенскай вобласьці.
Алег Грузьдзіловіч, "Радыё Свабода"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение