Беларусь у лідэрах у росце спажывецкіх цэн

Па выніках студзеня—кастрычніка 2009 года Беларусь заняла другое месца сярод краін былога СССР па росце спажывецкіх цэн. Пра гэта сведчыць праведзены БелаПАН аналіз звестак нацыянальных органаў статыстыкі.

На працягу першага квартала Беларусь лідзіравала па гэтым паказчыку, па выніках красавіка ўступіла першынство Украіне, у чэрвені прапусціла наперад Расію, а ў кастрычніку зноў апярэдзіла яе. Ва Украіне цэны ўзраслі з пачатку года на 10,1%, у Беларусі — на 8,3%, у Расіі — на 8,1%.

Далей ідуць Казахстан (5,1%), Таджыкістан (4,7%), Арменія (3,2%), Грузія (3%) і Літва (1,6%). Не змяніліся цэны ў Латвіі, знізіліся — у Азербайджане, Малдове (на 1,4%), Кыргызстане (на 1,6%) і Эстоніі (на 1,7%).

Ва Узбекістане за дзевяць месяцаў цэны павялічыліся на 4,2%. Няма звестак па Туркменістане.

У кастрычніку ў Беларусі адзначана інфляцыя на ўзроўні 0,4% (у верасні — 0,3%). Па гэтым паказчыку краіна падзяліла пятае месца з Азербайджанам і Казахстанам. Больш прыкметна спажывецкія цэны ўзраслі ў Грузіі (на 2,2%), Малдове (на 1,5%), ва Украіне (на 0,9%) і Арменіі (на 0,5%). У Таджыкістане цэны павялічыліся на 0,2%, у Кыргызстане — на 0,1%, у Расіі — не змяніліся, у Эстоніі — знізіліся на 0,1%, у Латвіі — на 0,2%, у Літве — на 0,4%.

Няма звестак па Узбекістане і Туркменістане.

Дзмітры Уласаў, "БелаПАН" via "Наша Ніва"