У Мінску сустракаюцца дэлегацыі ўрадаў краін ЕўрАзЭС і мытнага саюза

47-е пасяджэнне Інтэграцыйнага камітэта Еўразійскай эканамічнай супольнасці і 10-е пасяджэнне камісіі мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі пройдуць 26 лістапада ў Мінску. Беларускую дэлегацыю на іх узначальвае віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў.

У парадку сустрэчы дэлегацый урадаў краін ЕўрАзЭС — Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана — 17 пытанняў. Паводле інфармацыі беларускага МЗС, плануецца, у прыватнасці, абмеркаваць тэму фарміравання мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы ў рамках ЕўрАзЭС, а таксама праекты наступных дакументаў: пратакола аб завяршэнні фарміравання зоны свабоднага гандлю ЕўрАзЭС; пагаднення аб супрацоўніцтве дзяржаў — членаў Супольнасці ў галіне адукацыі; канцэпцыі стварэння міждзяржаўнага банка даных аб працоўных-мігрантах — грамадзянах дзяржаў — членаў ЕўрАзЭС. Акрамя гэтага, удзельнікі пасяджэння плануюць абмеркаваць тэму супрацоўніцтва ў сферы транспарту, бюджэтна-фінансавыя пытанні, а таксама пытанні, якія тычацца дзейнасці галіновых органаў ЕўрАзЭС. У парадак пасяджэння камісіі мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі ўключана 11 пытанняў. Бакі праінфармуюць адзін аднаго аб правядзенні ўнутрыдзяржаўных працэдур, якія неабходны для ўваходжання ў сілу дакументаў, якія фарміруюць дагаворна-прававую базу мытнага саюза. Плануецца разгледзець праекты пагадненняў аб устанаўленні і прымяненні ў мытным саюзе парадку залічэння і размеркавання ўвазных мытных пошлін, іншых пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае значэнне; аб стварэнні інстытута падатковых прадстаўнікоў дзяржаў — членаў саюза; аб стварэнні, функцыянаванні і развіцці інтэграванай інфармацыйнай сістэмы знешняга і ўзаемнага гандлю ў рамках саюза. Акрамя таго, паведамляе прэс-служба МЗС, плануецца абмеркаваць шэраг пытанняў аб рэгуляванні знешняга гандлю ў сувязі з плануемым пачаткам функцыянавання мытнага саюза трох краін: вядзенне статыстыкі, адзіную сістэму забарон і абмежаванняў, паэтапную адмену абмежавальных мер эканамічнага характару ва ўзаемным гандлі. Сённяшнія мерапрыемствы праходзяць напярэдадні сустрэч кіраўнікоў дзяржаў краін ЕўрАзЭС і мытнага саюза, якія адбудуцца ў Мінску 27 лістапада. Чакаецца, што ў ходзе саміта прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі падпішуць дакументы аб пачатку функцыянавання мытнага саюза трох краін. Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў прыбыў у Мінск увечары 25 лістапада з афіцыйным візітам. Прыезд Дзмітрыя Мядзведзева чакаецца 27 лістапада — аб гэтым паведаміла прэс-служба расійскага прэзідэнта.