Дзень салідарнасці: затрыманых выпусцілі

16 жніўня ў Мінску прайшла акцыя ў фармаце "ланцуга неабыякавых людзей" з патрабаваннем міжнароднага расследавання знікненняў апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнесмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага.

16 жніўня ў Мінску прайшла акцыя ў фармаце "ланцуга неабыякавых людзей" з патрабаваннем міжнароднага расследавання знікненняў апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнесмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага. У мерапрыемстве ўдзельнічала каля 200 чалавек. Восем актывістаў былі затрыманыя і дастаўленыя ў Першамайскі РУУС Мінска. Пасля 3-гадзіннага ўтрымання ў пастарунку яны былі адпушчаныя без складання пратаколаў 20.45 Пачалі выпускаць затрыманых. На волі ўжо Антон Койпіш, Яўген Афнагель, Павал Юхневіч. Паводле Антона Койпіша, пратаколы на затраманых не складалі. 20.15 У Першамайскім РУУС ад сваякоў затрыманых узялі ваду, але ім нічога не паведамі наконт далейшага лёсу затрыманых. Антону Койпішу загадалі здаць адбіткі пальцаў. Антон адмовіўся.19.40 Як паведаміў Свабодзе адзін з затрыманых Павал Юхневіч, у Першамайскім РУУСе знаходзяцца сем чалавек, сярод якіх таксама Віктар Ханеня, Максім Сергіец, Валеры Няпомняшчых, Андрэй Молчан, Уладзімер Лемеш (паводле БелаПАН быў затрыманы разам з Антонам Койпішам яшчэ да пачатку акцыі). На Юхневіча склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні, аднак без указання артыкулу. Паводле словаў Паўла, пры затрыманні з ім вельмі жорстка абыходзіліся, парвалі кашулю. 19.20 Затрыманыя ўдзельнікі акцыі Павал Юхневіч, Яўген Афнагель і Антон Койпіш знаходзяцца ў Першамайскім РУУС Мінска. 19.10 Леанід Фармагей: Затрыманняў не было Начальнік ГУУС Мінгарвыканкама генерал-маёр міліцыі Леанід Фармагей заяўляе пра спробу правакацыі з боку прадстаўнікоў апазіцыі ў часе несанкцыянаванай акцыі ў Мінску ў панядзелак. "Па нашых ацэнках, была спроба правакацыі з боку аднаго з актывістаў апазіцыі Яўгена Афнагеля", - заявіў журналістам Л.Фармагей, які прысутнічаў на месцы правядзення акцыі. "Афнагель сагітаваў моладзевае крыло і спрабаваў імітаваць затрыманне. Мы расцэньваем гэта як спробу правакацыі. Ніхто затрыманы не быў", - заявіў начальнік ГУУС. Пры гэтым ён адзначыў, што міліцыя дасць прававую ацэнку дзеянням удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі.19.00 Па заканчэнні акцыі затрымалі Паўла Юхневіча. На вуліцы Сурганава ён сеў у таксоўку, аднак людзі ў цывільным заблакавалі машыну, прымусілі таксіста адчыніць дзьверы. Паўла выцягнулі з аўто і пасадзілі ў сіні мікрааўтобус. 18.55 Зараз стала вядома, што яшчэ да пачатку акцыі на падыходах да плошчы быў затрыманы моладзевы актывіст Антон Койпіш.

18.40 Акцыя скончаная. 18:37 Міліцыянты таксама спрабавалі затрымаць моладзевага актывісты Паўла Юхневіча, але людзі гэта не дазволілі. Фактычна паміж ўдзельнікамі акцыі і міліцыянтамі адбылася бойка, якая скончылася тым, што Юхневіч застаўся ў ланцугу.

Спроба затрымання Паўла Юхневіча

18:35 Затрыманы Яўген Афнагель. Удзельнікі акцыі вельмі жыва адрэагавалі на спробу міліцыянтаў затрымаць некалькіх удзельнікаў, актыўна выступілі супраць гэткіх дзеянняў міліцыі. Падышоў Уладзімір Някляеў і разам з астатнімі даводзіць, што людзі не робяць нічога супрацьзаконнага.

18.20 Супрацоўнікі міліцыі падышлі да маладафронтаўца Міколы Дзямідзенкі, і пыталіся ў яго, якія далейшыя дзеянні плануюць удзельнікі акцыі. Міліцыянты заклікалі апазіцыянераў не ладзіць ніякіх далейшых шэсцяў ці акцыяў і разысціся пасля заканчэння ланцуга. На другім баку праспэкту Незалежнасьці стаяць некалькі дзесяткаў чалавек, якія назіраюць за акцыяй, але не рашаюцца да яе далучыцца.

18:10 Ланцуг выцягнуўся на некалькі дзясяткаў метраў. Сярод прысутных таксама Анатоль Лябедзька, Аляксандар Макаеў і Валеры Фралоў. Міліцыянты папярэджваюць удзельнікаў ланцугу, што акцыя незаконная, пагражаюць адказнасцю і патрабуюць разысціся. У прыватнасці, міліцыянты падышлі да Віктара Івашкевіча, які стаіць у ланцугу, і сказалі, што ён арганізоўвае пікет, які не дазволены ўладамі. Віктар Івашкевіч заявіў, што гэта ні мітынг, ні пікет, што яны проста стаяць з партрэтамі, што не забаронена, і нікому не замінаюць. Міліцыянты на гэта адказалі, што ўдзельнікі акцыі замінаюць мінакам і запатрабавалі вызваліць ходнік, нягледзячы на тое, што ланцуг увесь ходнік не займае. Зараз на пляцоўцы ля Акадэміі навук каля паўтары сотні чалавек.

18.05 Каля 30-40 чалавек пашыхтаваліся з партрэтамі ўздоўж дарогі. Былі ўжо спробы вырываць з рук партрэты. Сярод іншых у ланцугу стаяць Андрэй Саннікаў, які трымае партрэт Захаранкі , і Уладзімір Някляеў. Някляеў, адказваючы журналістам на пытанне пра малалікасць гэтай акцыі, сказаў, што цяпер такі стан грамадства, што людзі не пратэстуюць супраць таго, што знікаюць вядомыя палітыкі.

18:02 На пляцоўцы ля Акадэміі навук сабраліся больш за сотню актывістаў. Людзі яшчэ падыходзяць. Ланцуг актывістаў з партрэтамі зніклых выцягваецца ў бок плошчы Якуба Коласа. 18.00 Моладзевыя актывісты пачалі раздаваць партрэты зніклых прысутным на акцыі. Адзін з міліцыянтаў паспрабаваў вырваць партрэт у аднаго з удзельнікаў. Прысутныя пачалі выбудоўваць ланцуг уздоўж праспекту. Міліцыянты спрабуюць перашкодзіць. 17.55 На пляцоўцы каля Акадэміі навук працягваюць збірацца людзі. Прыйшоў Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Гары Паганяйла. Міліцыя пакуль не разганяе. 17.40 На пляцоўцы каля Акадэміі навук, а таксама ў падземным пераходзе шмат людзей у цывільным і міліцыі з відэакамерамі . У некаторых мінакоў даглядаюць асабістыя рэчы. Таксама пад'ехала спецтэхніка: гукаўзмацняльная машына, хуткая дапамога і два трактары. 15.50 У дваравыя пляцоўкі ля Кастрычніцкай плошчы пачынаюць пад'язджаюць аўтобусы з АМАПам. На 18 гадзіну ля Акадэміі навук запланаваны "ланцуг неабыякавых людзей".  Сёння лідэры палітычных партыяў і рухаў праводзяць акцыю ў фармаце "ланцуга неабыякавых людзей" з патрабаваннем міжнароднага расследавання знікненняў апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнесмэна Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага. Яны заклікалі сабрацца 16 жніўня а 18-й гадзіне з партрэтамі зніклых ля Акадэміі навук. Афіцыйныя ўлады забаранілі апазіцыі праводзіць 16 жніўня шэсце і мітынг - маўляў, заяўка аформлена неналежным чынам. У чым палягаюць парушэнні ў афармленні, заяўнікам так і не патлумачылі. Нягледзячы на забарону ўладаў, акцыю вырашана праводзіць.

"Радыё Свабода"