Змякчэнне санкцый да двух прадпрыемстваў "Беланафтахіма" працягнута

Міністэрства фінансаў ЗША чарговы раз прадоўжыла рашэнне аб змякчэнні санкцый да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім" — ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно".

Як паведамляе афіцыйны сайт Мінфіна, рашэнне прадоўжана па 31 мая 2010 года.У названы перыяд амерыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з двума беларускімі прадпрыемствамі.

У той жа час уласнасць ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно" застаецца заблакаванай у адпаведнасці з урадавым распараджэннем № 13405. Грамадзянам ЗША забаронена праз або пры пасрэдніцтве гэтых двух прадпрыемстваў купляць прадукцыю, паслугі і тэхналогіі ў іншых суб'ектаў гаспадарання, унесеных у спіс (маецца на ўвазе спіс прадпрыемстваў "Белнафтахіма", да якіх санкцыі дзейнічаюць цяпер). "Санкцыі, уведзеныя ЗША, застаюцца, іх ніхто не адмяняў. Але ў верасні 2008 года было прынята рашэнне аб змякчэнні санкцый на паўгода да двух беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер гэтае рашэнне прадоўжана яшчэ на шэсць месяцаў да 31 мая 2010 года", — адзначыў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, каментуючы па просьбе БелаПАН прынятае рашэнне. Злучаныя Штаты, паводле яго слоў, "дакладна далі зразумець, што санкцыі былі ўведзеныя выключна з-за сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі". "Мы змякчылі санкцыі да двух беларускіх прадпрыемстваў, таму што Беларусь прадэманстравала невялікі прагрэс у канцы 2008—2009 гадоў. Але паколькі з таго часу не было ніякіх якасных зменаў, наша пазіцыя застаецца ранейшай — санкцыі застаюцца ў нязменным выглядзе", — сказаў Скэнлан. Дыпламат падкрэсліў, што для поўнай адмены санкцый "Беларусь павінна прадэманстраваць значныя паляпшэнні ў сферы дэмакратыі, правоў чалавека, свабоды прэсы, выбарчага заканадаўства — ва ўсіх тых сферах, у якіх яна ўзяла на сябе абавязацельствы як член АБСЕ". Акрамя таго, ён адзначыў, што ЗША застаюцца прыхільнікамі прадаўжэння дыялогу з урадам Беларусі па пытаннях санкцый, а таксама прасоўвання супрацоўніцтва ў галінах, што ўяўляюць узаемную цікавасць. Нагадаем, у лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі да канцэрна "Белнафтахім" у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. У сакавіку 2008 года, пасля таго як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна (на той час апошняга з шасці прызнаных міжнароднай супольнасцю палітзняволеных), ЗША ўвялі санкцыі да ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад "Белнафтахіма". Мінск і Вашынгтон адклікалі сваіх паслоў для кансультацый. Да сённяшняга дня штаты абодвух пасольстваў скарочаныя да мінімуму. 5 верасня 2008 года Мінфін ЗША на паўгода змякчыў эканамічныя санкцыі да двух ААТ — "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно". У лютым 2009 года дзеянне гэтага рашэння было прадоўжана да 1 чэрвеня, затым — да 30 лістапада 2009 года. Варта адзначыць, што 17 лістапада міністры замежных спраў краін Еўрасаюза прадоўжылі частковае прыпаненне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і дзеянне санкцый да кастрычніка 2010 года.