Беларусь спадзяецца на развіццё адносін з Грузіяй і вырашэнне каўказскай праблемы

Беларусь спадзяецца на развіццё адносін з Грузіяй і вырашэнне каўказскай праблемы. Пра гэта заявіў кіраўнік дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Маскевіч 18 лістапада ў Тбілісі пасля сустрэчы са спікерам парламента Грузіі Давідам Бакрадзэ.

"Мы вельмі задаволены шчырай размовай і спадзяемся, што і пытанне супрацоўніцтва Беларусі і Грузіі атрымае новы стымул для развіцця, і пытанні вырашэння каўказскай праблемы таксама будуць мець добры курс развіцця", — цытуе Маскевіч РІА Новости. Гаворачы пра магчымасць прызнання Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, ён адзначыў, што цяперашні візіт беларускіх дэпутатаў "з'яўляецца важным у гэтым кірунку". "Мы цяпер вывучаем гэтае пытанне", — сказаў кіраўнік парламенцкай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД. Маскевіч падкрэсліў, што мэтай візіту дэлегацыі з'яўляецца вызначэнне пытанняў міжпарламенцкага супрацоўніцтва, атрыманне інфармацыі аб "канкрэтных захадах парламента Грузіі па нармалізацыі сітуацыі на Каўказе ў цэлым і ў грузінскім рэгіёне, тых ініцыятывах, што рыхтуюцца ў парламенце па мірным вырашэнні каўказскай праблемы". "Мы адчуваем, што народ сапраўды зведаў стрэс, зведала стрэс і дзяржава. Адначасова мы адчуваем, што ёсць гатоўнасць, ёсць патэнцыял, настрой на цывілізаванае развіццё сітуацыі, супрацоўніцтва і гэтак далей. Таму мы рады, мы адчуваем гэтае цяпло грузінскага народа", — сказаў Маскевіч. Са свайго боку спікер Давід Бакрадзэ выказаў надзею на тое, што рашэнне Беларусі па пытанні прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі будзе адпавядаць прынцыпам міжнароднага права. Паводле яго слоў, мэтай грузінскага боку з'яўляецца перакананне членаў дэлегацыі, якая знаходзіцца з візітам у Грузіі, не прызнаваць незалежнасць гэтых рэгіёнаў. "Мы ўсе разумеем, што парламенцкая дэлегацыя прыбыла з досыць далікатнай місіяй і задачай у Грузію. Менавіта таму наша задача — максімальна пераканаць іх у праўдзівасці грузінскага боку, максімальна пераканаць у тым, што тут не ідзе гаворка пра выбар паміж Расіяй і Грузіяй. Тут стаіць пытанне паміж законнасцю і беззаконнасцю, міжнародным правам і несправядлівасцю, мірам і насіллем. Лічу, што калі яны ўбачаць, што грузінскі бок стаіць на баку міжнароднага права і прынцыпах справядлівасці, ім будзе значна прасцей рабіць выбар, які Беларусь урэшце зробіць", — заявіў Бакрадзэ. Тым часам, расійская газета "Коммерсантъ" са спасылкай на члена міжнароднай камісіі беларускага парламента Віталя Бусько паведаміла, што пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі беларускі парламент не будзе разглядаць як мінімум да сакавіка 2010 года. Атрымаць афіцыйнае пацвярджэнне гэтай інфармацыі БелаПАН пакуль не ўдалося. Расія прызнала незалежнасць рэспублік у канцы жніўня 2008 года. Грузія ў адказ на гэта разарвала дыпламатычныя адносіны з РФ і абвясціла Абхазію і Паўднёвую Асецію акупаванымі тэрыторыямі. Акрамя Расійскай Федэрацыі незалежнасць рэспублік прызнала Нікарагуа. 10 верасня 2009 года падчас візіту ў Маскву прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес заявіў, што яго краіна прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Адозвы Абхазіі і Паўднёвай Асеціі з просьбай прызнаць іх незалежнасць паступілі ў беларускі парламент у канцы 2008 года. 15 верасня падчас візіту ў Вільнюс Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў кастрычніку беларускі парламент разгледзіць пытанне аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Таццяна Каравянкова, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение